Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 8
Фредерик Браун
Раптам Філіс уздрыгнула і прыўзнялася. Недзе наперадзе бліснула дзіўная іскарка. Прайшло колькі секунд, і іскарка бліснула зноў. Філіс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкі зіхоткі прадмет. Інтуіцыя, набытая Філіс у касмічных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзіўся з сяброўкай і Джын, а ён у такіх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты — вызначыць адлегласць было цяжка — у космасе плыло нейкае зіхоткае цела. Джын схапіў бінокль і стаў углядацца ў таямнічы прадмет. Філіс нецярпліва прытулілася да пляча свайго прыяцеля.
— Рэч невялікая, — сказаў Джын. — Здаецца, шкляная… Пачакай, дай угледзецца!.. Яна набліжаецца… Хуткасць большая за нашую… Слухай…
На твары ў Джына было здзіўленне. Ён нават выпусціў з рук бінокль, які Філіс адразу ж падхапіла.
— Дарагая, гэта ж бутэлька.
— Бутэлька?
Філіс таксама паглядзела ў бінокль.
— Але, бутэлька… Ну, вядома. Са светлага шкла… Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзіне штосьці белае. Напэўна, папера… Цыдулка! Джын, трэба яе злавіць!
Джын, відаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавіраваць, каб перахапіць бутэльку. Яму ўдалося амаль імгненна змяніць курс і зменшыць хуткасць — з такім разлікам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Філіс паспела надзець скафандр і выйсці праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапіўшыся за трос, з сачком на доўгім дзяржанні ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.
Філіс і Джын ужо не раз удавалася злавіць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы паціхеньку альбо амаль нерухома павісаючы ў пустэчы, яны ўбачылі багата дзіўнага і зрабілі цікавыя адкрыцці, якімі не пахвалішся ў звышхуткіх палётах на зоркалёце. Філіс вылоўлівала кавалачкі былых планет, рэшткі метэарытаў з іншых галактык і нават спадарожнікаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмічнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапісам — а сумненняў у гэтым ужо не было, — сустракалася ўпершыню! Філіс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуціне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:
— Цішэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагоніць… Левы борт… правы борт… Уперад… Усё, злавіла!
Радасна крыкнуўшы, Філіс вярнулася ў кабіну.
У руках у яе сапраўды была вялікая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзіне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.
— Разбі яе, Джын, хутчэй! — ледзь не калацілася Філіс, умольваючы сябра.
Аднак Джын адкалупваў кавалачкі воску спакойна і акуратна. Ды толькі ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявілася, што дастаць з яе скрутак зусім немагчыма, такі ўжо тугі ён быў. Тады прыйшлося ўступіць нецярплівым просьбам сяброўкі і разбіць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткіх аркушаў, спісаных дробным почыркам. Мова запісаў была зямная — Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькі гадоў вучыўся на Зямлі.
Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, і ён ніяк не хацеў пачынаць чытання рукапісу ўголас. І каб не просьбы ўзбуджанай Філіс, якая дрэнна разумела зямную мову і не магла, як ні жадала, прачытаць рукапіс сама, ён, магчыма, так і не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запісаў, што так выпадкова трапілі ім у рукі.