Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 7
Фредерик Браун
Іх касмічная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой — незвычайна тонкі і лёгкі ветразь — надзімалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калі б гэты міні-карабель застаўся без кіравання непадалёк ад якойсьці зоркі — аднак на дастатковай ад яе адлегласці, там, дзе сіла прыцягнення не надта вялікая, — ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркі па прамой лініі. Але зорная сістэма, жыхарамі якой былі Джын і Філіс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволі блізка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулі з трох бакоў пад рознымі вугламі. І вось Джын прыдумаў сапраўды дзіўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразі яго карабля было мноства чорных шторак, якія згортваліся ці разгортваліся ў залежнасці ад жадання рулявога — пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбіцця, а адначасова з ёю і накірунак раўнадзейных сіл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, і калі Джын хацеў паскорыць ход, ён павялічваў дыяметр абалонкі да максімуму — тады велізарная плошча ветразя надзімалася пад націскам светлавых патокаў, і яхта імкліва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына і яго сяброўкі кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымаліся і заміралі, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што несліся насустрач ім. Калі ж Джын хацеў запаволіць ход, то націскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сціскаўся настолькі, што ў кабіне можна было сядзець, толькі шчыльна прыціснуўшыся адно да аднаго. Ціск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькі шар, і, вольны ў сваім руху, ён быццам павісаў у пустэчы на нябачнай нітцы. Маладую пару забірала салодкае ап'яненне, і яны бавілі доўгія гадзіны ў сваім цесным, створаным толькі для іх маленечкім свеце, які Джын параўноўваў з паруснікам у неабсяжным акіяне, а Філіс — з бурбалкай на павуцінцы вадзянога павука.
Джын выдатна выконваў і іншыя манеўры, нават такія, што лічыліся ў касмічных яхтсменаў найскладанейшымі, напрыклад, паварот оверштаг з выкарыстаннем ценю ад планеты ці якогасьці спадарожніка.
Ён вучыў свайму майстэрству і Філіс, і неўзабаве тая магла ўжо кіраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукі руль, як, захапіўшыся, яна выбірала такі курс, што яхта падыходзіла да самых межаў Сонечнай сістэмы, а там магнітныя буры разбуралі светлавыя патокі, і іх карабель пачынала кідаць, бы арэхавую шкарлупіну. Ужо некалькі разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвіліну, ускокваў бы ашпараны і вырываў у сяброўкі руль. Іншы раз, каб дабрацца да бліжэйшага порта, яму нават прыходзілася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекі.
У той дзень Філіс і Джын бесклапотна ляжалі побач у яхце і загаралі пад промнямі трох сонцаў іх роднай сістэмы. Джын драмаў і думаў пра Філіс і пра сваё да яе каханне. Філіс глядзела ў неабдымны космас, загіпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзін з любімых яе заняткаў.