Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 5

Фредерик Браун

Гэта ўсё, вядома, спрэчна, а вось вобраз героя апавядання ў вышэйшай ступені аптымістычны. На самай справе, чаму б у будучым не развіцца такім якасцям, як тэлекінез, тэлепатыя, тэлепартацыя, індывідуальнае сілавое поле, уменне перасоўвацца ў касмічнай прасторы без усякай тэхнікі, адной толькі сілай думкі. Нямала ж схавана ў тайніках арганізма чалавека. Адно з двух: ці прырода «беражэ» гэтыя якасці і чакае, калі чалавек пасталее маральна, дарасце да іх і не паверне іх супраць самога сябе. Магчыма і другі шлях: праз вельмі і вельмі развітую тэхніку і навуку чалавек умешваецца ў сваё цела, «падпраўляе» яго, атрымлівае новыя якасці. Дарэчы, і тут на першым месцы — выпрацоўка сапраўднай чалавечнасці і маралі. Толькі на гэтым шляху можна пазбегнуць «пастак» цывілізацыі.

Да апавяданняў Ф. Браўна і Ван-Вогта і прымыкае «Месяц дваццаці рук» італьянскага пісьменніка Л. Альдані. Перад намі зноў экстрэмальная сітуацыя, людзі шукаюць і знаходзяць выхад, даволі арыгінальны. Аднак застаецца і ўнутранае незадавальненне ад апавядання. Магчыма, таму, што лёс урача дваісты: тут і пакуты сумлення — быццам убаку аказаўся, хоць і выканаў ролю футбаліста, з падачы якога забіты ўсе галы ў пераможным матчы. Але тут таксама і пакуты зайздрасці да славы таварышаў. Чаму б і не? Фізічна касманаўты будуць падрыхтаваны цудоўна, як і ў наш час, а вось у маральных адносінах?..

Так, тэхналагічная цывілізацыя пры сваім развіцці робіць чалавечую душу больш сухой, халоднай, грубай, «рацыянальнай». Гэта тым больш дзіўна і непажадана, таму што дзеянні чалавека становяцца больш грандыёзнымі.. Вось тут, бадай, знаходзіцца адна з самых небяспечных «пастак» цывілізацыі, таму што яна адносіцца да чалавечай душы.

Пераадолець гэту «пастку» можна толькі мастацтвам. Сапраўдны мастак можа адкрыць людзям вочы на прыгажосць свету, узвысіць чалавека рамантычна, унесці ў яго душу цяпло. Генры Філд у апавяданні Р. Брэдберы «Пра вандраванні вечныя і пра Зямлю» выклікае з мінулага не жывапісца, не кінарэжысёра, не скульптара, а пісьменніка. XXIII стагоддзе, «ракеты, атамныя цуды, вандраванні да чужых планет і двайнога сонца…». I ніхто з пісьменнікаў не можа апісаць гэта. Спрабавалі ўсе, але ні ў кога не атрымалася. I тады з дапамогай спецыяльна пабудаванай «машыны часу» з 1938 года бярэцца Томас Вулф, амерыканскі пісьменнік, празаік з магутным лірычным талентам.

Р. Брэдберы, чый стыль блізкі да стылю Вулфа, напісаў сваё апавяданне пасля таго, як пазнаёміўся з пісьмом Вулфа, якое было напісана 12 жніўня 1938 года, за месяц да смерці Вулфа: «Я зрабіў доўгае падарожжа і пабываў у дзіўнай краіне, і я вельмі блізка бачыў чорнага чалавека (маецца на ўвазе «чорны чалавек», які наведаў Моцарта перад смерцю, цяпер гэты вобраз стаў моцнай і своеасаблівай метафарай. — С. С. і У. Ц.)… Я адчуваю сябе так, як калі б скрозь шырокае акно паглядзеў на жыццё, якога не ведаў ніколі раней…»