Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 3

Фредерик Браун

Вось мы падышлі і да другой тэмы зборніка: пераадолення «пастак» тэхналагічнай цывілізацыі. Ф. Браўн у апавяданні «Арэна» ідзе ад сітуацыі якая зразумелая многім: вайна, неабходнасць абароны радзімы. Праўда, маштабы павялічаны, размова тут пра абарону роднай планеты, а вайна — касмічная, з другой цывілізацыяй. У цэнтры апавядання паядынак у духу традыцый старажытнасці, калі перад бітвай сыходзіліся ў смяротнай сутычцы два воіны. Аднак пройгрыш у гэтай сутычцы азначаў не толькі асабістую гібель байца, але і знішчэнне яго цывілізацыі. Тут ужо нельга сказаць, што адзін у полі не воін.

Ва ўмовах паядынку, які арганізаваны нейкім звышрозумам, ёсць штосьці накшталт падказкі — Карсану. Так, па ўмовах перамагчы павінен той, у каго будзе моцная воля да жыцця, больш мужнасці, больш розуму… Звышрозум разумее, што для яго абедзве цывілізацыі роўныя.

Гэтыя якасці сапраўды адыгрываюць важную ролю ў сутычцы, але рашаючае ўсё ж іншае: нейкая тыповая ўласцівасць байцоў, якая адлюстроўвае, магчыма, карэнную асаблівасць кожнага віду разумнага жыцця, прадстаўнікі якіх тут сустрэліся.

Не трэба пераказваць ход сутычкі. Карсан перамагае, таму што ён — чалавек! Таму што ён здольны спачуваць іншай істоце, суперажываць чужы боль. Так, вядома, не ва ўсіх людзей развіта гэта пачуццё, але тым не менш, якім бы жорсткім ні быў чалавек да сваіх братоў, ён, толькі калі зусім вырадак і падонак, не праявіць міласэрнасці да хворай ці раненай жывёліны. Пад словам «міласэрнасць» мы тут разумеем тое, што жывёлу проста дабіваюць, каб яна не памірала ў пакутах. Прышэлец, праціўнік Карсана, не толькі пазбаўлены здольнасці спачуваць, наадварот, ён адчувае незразумелую нянавісць да іншых форм жыцця, напрыклад, здзекуецца з яшчаркі, нават адмаўляецца ад перагавораў з Карсанам. Карсан міласэрна дабівае скалечаную яшчарку: гэтага просіць чалавечым голасам другая яшчарка… Як у казцы: праяві, чалавек, дабрыню, і яна да цябе вернецца.

Гэта мадэль зразумелая кожнаму чытачу, нават не аматару навуковай фантастыкі. Але ўнутры тут чыста навукова-фантастычная тэма — тэма кантакту. Паядынак Карсана і Прышэльца — адзін з варыянтаў кантакту чалавека і другога разумнага жыхара космасу, прычым не лепшы варыянт. Жыццё ў космасе, можа, ёсць у самых розных формах. Людзям яшчэ прывыкаць да гэтага, калі яны высадзяцца на іншых планетах. Фізіка і хімія розных планет, думаем, можа ствараць і такія формы разумнага жыцця, што мы не толькі не знойдзем з імі агульнай мовы, а проста будзем адмаўляць адзін аднаго, як у апавяданні Ф. Браўна.