Читать «Замежная фантастыка» онлайн - страница 2

Фредерик Браун

П’ер Буль напісаў раман-перасцярогу. Ён папярэджвае чалавецтва сігналам трывогі. Ці будзе гэты сігнал пачуты?

У «пасткі» тэхналагічнага працэсу ўваходзіць і пэўная інтэлектуальная агрубеласць чалавека, які звязаны з навукай, разрыў сувязей з цеплынёй пачуццяў, шчырасцю, натуральнасцю. Працэс пазнання абсалютызуецца, рацыяналізм падыходу да свету патрабуе ахвяр. Часткова гэта здараецца з-за складанасці працэсаў, якімі ўсё больш займаюцца вучоныя. Патрэбна сканцэнтраванасць, дысцыпліна. I на гэтым шляху губляецца чалавечнасць.

Пра гэта — апавяданні А. Азімава «Выродлівы хлапчук», С. Камацу «Смерць бікуні». I добра, што ў Азімава ёсць гераіня, жанчына, якая можа заступіць дарогу жорсткаму эксперыменту, якая можа ўзяць на сябе адказнасць за дзіця, што трапіла ў гэты эксперымент, які праводзяць прадстаўнікі высокаразвітой цывілізацыі. У апавяданні Камацу нікога няма, хто б пайшоў на такое. I гіне цудоўная жанчына, вечная, як сама прыгажосць.

Асаблівы выгляд «пастак», пра іх піша і П. Буль, — у ажыццяўленні вечнай чалавечай мары, каб многія віды работ рабіліся быццам «самі па сабе»… У казках джыны за адну ноч будуюць палацы, пароль «шчупаковага загаду» прымушае рухацца і сані без коней, і сякера тут сама дровы сячэ, і печ сама едзе. I вось ужо сотні тысяч робатаў паспяхова працуюць у розных краінах свету, а вучоныя ЗША, СССР, Японіі працуюць над стварэннем «штучнага інтэлекту», каб даручыць яму складаныя задачы.

Амерыканскі фантаст Р. Шэклі з’едліва і бязлітасна выкрывае гэту накіраванасць чалавечай культуры. У апавяданні «Бітва» разглядаецца біблейскі сюжэт пра Армагедон, апошнюю бітву паміж сіламі дабра і святла, з аднаго боку, і сіламі зла і цемры — з другога. Супраць полчышчаў сатаны людзі ўводзяць тэлекіруемыя танкі, робаты-знішчальнікі, ракеты… А самі сочаць за бітвай па тэлевізары са зручных і бяспечных сховішчаў. Сатана і яго войска прайграюць, «нячыстая сіла» не можа перамагчы тварэнні чалавека, які прывык ваяваць. Але раптам у сюжэце нечаканы паварот: робаты ажываюць, на іх сыходзіць «дар божы», і яны падымаюцца ў неба, Бог бярэ іх да сябе, у рай. Тады людзі мітусяцца, але што зробіш? Яны ж не ваявалі, яны ў Вялікай Бітве былі толькі гледачамі. Іронія жорсткая, але справядлівая, і яна набліжаецца да прытчы. Так, чалавек павінен браць на сябе самае складанае, самае цяжкае. Бо ён — чалавек. Тэхніка, вядома, можа многае, у будучыні зможа яшчэ больш, але галоўнае ўсё ж — чалавек!

Робат Анель у апавяданні С. Лема «Няшчасны выпадак» прызначаны для выканання шырокай праграмы работ. Ён робіць дзіўны і невытлумачальны на першы погляд учынак: здымае страховачныя рэактыўныя кабуры, узыходзіць на гару, але выпадкова зрываецца адтуль і разбіваецца. Спецыялістам тут усё зразумела: машына сапсавалася. Аднак Піркс, герой многіх апавяданняў Лема, вопытны касманаўт і думаючы чалавек, робіць другі вывад. Ён параўноўвае дзеянні Анеля з тымі, якія сам хацеў зрабіць. Піркс на гэтай планеце марыў заняцца альпінізмам. Інструкцыі гэта забаранялі. I вось Анель парушыў забароны, якія былі ўкладзены ў яго праграму. Паводле думак Піркса, робату хацелася праверыць сябе. Гэта азначала, што ён стаў болып разумны, чым гэтага хацелася яго стваральнікам. Апавяданне па сутнасці рэалістычнае, бо псіхалагічна правільнае. Не толькі робаты, але і жывёлы іншы раз робяць свядомыя дзеянні. Аднак робяць гэта тады, калі яны сярод людзей.