Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 17

Таццяна Мушынская

Маэстра – зусім іншы. Надзя часам дзівіцца, што зямныя тэмы яны ў сваіх размовах не кранаюць – толькі музыка і толькі мастацтва. Яна не ведае: абедаў ён сёння і ці будзе вячэраць? Ці ёсць грошы ў ягонай кішэні, ці наогул няма? Ніякіх размоў пра грэшную зямлю. Трапна сказала канцэртмайстар Ірачка: «Такія людзі на воблаку жывуць!» Напэўна, ён з воблака і злазіць не хоча. Яму там зручна і ўтульна.

Якія розныя ў іх галасы! Некалі ўпэўнены Алегаў барытон здаваўся Надзі ўвасабленнем сілы, якая здолее абараніць ад вятроў і жыццёвых нягод. Але ягоная сіла абярнулася супраць яе і разбурыла тое, што іх трымала побач. I таму цяпер Надзя не спадзявалася на нейчыю абарону і не шукала яе. Лепей, калі жанчына абараняе сябе сама.

Мяккі тэнар Маэстра кранаў і трывожыў душу. Праўда, яна падазравала, што тая мяккасць – чыста знешняя, і нават яе гарачае жаданне не прымусіць яго саступіць ёй і сысці з абранага шляху. Яго голас і яго музыка былі таямнічым чынам звязаны паміж сабой. I пацалункі аказаліся падобнымі да ягонай музыкі – ціхай, пяшчотнай, якая глыбока кранала струны душы.

Але яна надта задумалася.

– Надзя, хачу як-небудзь запрасіць цябе ў свой офіс, – перапыніў яе думкі Алег. – Паглядзіш, як цяпер я жыву. Купіў старую будыніну, зрабіў еўрарамонт, абсталяваў па апошнім слове, – разгортваў Алег перад ёй прывабную карціну свайго жыцця. – Новае абсталяванне і музычную апаратуру за мяжой замаўляю…

– «А мне за паўгода прыносіш два пачкі дробнымі купюрамі,– мільганула ў Надзіных думках. – Цікава, усе «новыя беларусы» такія жмінды, ці толькі ты свайму сыну грошай шкадуеш?»

– Калі ты захочаш дыск запісаць, можаш патэлефанаваць: як былой жонцы зраблю выключэнне. Запішам тваю любімую класіку разам з тваім любімым сімфанічным аркестрам.

«Пашукаю ў іншым месцы, а цябе прасіць не пайду. Сабе даражэй абыдзецца», – падумала яна.

– Шкада, што твая класіка – стратная, прыбытку ад яе ніякага. Ну, нічога, можна вялікі наклад не гнаць. Экзэмпляраў трыста зробім для душэўнага задавальнення.

«Няйначай, масты наводзіць, – думала Надзя. – Чаго раптам з’явіўся такі клопат? Ніколі яго не было…»

– Надзя, скажу па шчырасці, калі ў чалавека дастаткова грошай, успрыманне жыцця істотна мяняецца. Многія невырашальныя праблемы аўтаматычна знікаюць. Самі па сабе. Цяпер мы прабіваем будынак пад казіно. Ён будзе побач з маім фестывальным цэнтрам. Ты не ўяўляеш, якая залатая ручаіна ў маю кішэню паплыве! Чалавечымі слабасцямі трэба ўмець карыстацца…

«Бач, павучае! Настаўнік знайшоўся…» – падумала Надзя, а ўголас сказала:

– Скажы, а бардэль побач ты не плануеш пабудаваць?

– Надзька, – зарагатаў Алег, – мне заўсёды падабалася твая дасціпнасць! Якая здагадлівая! Мо з цягам часу і такую ўстанову адкрыем. А чаму? Ве-ельмі пікантная сфера жыцця. Наведвальнікаў было б мора! Шкада, што афіцыйна забаронена. Давядзецца неафіцыйна. Але калі ёсць попыт, будзе і прапанова. Дарэчы, ты не адказала на пытанне, колькі вам цяпер плацяць за канцэрт? Ведаеш, я ў іншай сферы працую, дзяржаўных расцэнак не ведаю…