Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 18

Таццяна Мушынская

– А ты язва добрая!

– Маўчыш, бо суму называць не хочаш. Разумею! Слухай, калі вы такія высакародныя, чаму дзяржава вас так нізка цэніць? Так, што на жыццё не хапае?

– У цябе спажывецкі падыход да мастацтва. Ты глядзіш на яго з пункту гледжання грошай. Колькі даходу яно можа табе прынесці. Глядзіш як на тавар, якім коштам яго можна прадаць.

– Гэта падыход прадзюсара. А хіба ён можа быць кепскі?

– Калі чалавек ставіць за мэту мець грошы, ён будзе мець менавіта грошы. І нічога болей… – парыравала Надзя. – Калі хоча стварыць тое, што застанецца, як кажуць, у вяках, ён створыць. Магчыма, грошай пры гэтым не будзе. Што хацелі атрымаць Моцарт, Шуберт ці Чайкоўскі? Яны пісалі сваю музыку – і ўсё. I нічога не патрабавалі ўзамен.

– Ну, ужо і нічога! Яны імкнуліся да славы, папулярнасці, багацця.

– Большасць вялікіх памерла жабракамі.

– Ад мяне гэтага не дачакаюцца! – імгненна парыраваў Алег.

– Ты не вялікі.

– А я не прэтэндую… – ухмыльнуўся бізнесмен.

– Моцарта пахавалі ў агульнай магіле. Шуберт пражыў трыццаць адзін год, і пры жыцці яго мала хто ведаў. Рэмбрант памёр у беднасці. У Пушкіна засталіся велізарныя даўгі.

– Усё-такі трэба неяк больш разумна абыходзіцца з грашыма!

– Чайкоўскі шмат гадоў жыў на тое, што яму давала ў якасці субсідыі Надзея Філарэтаўна…

– Лепш, калі мужчына зарабляе сам, – абарваў яе Алег.

– Бедны Чайкоўскі, дзе яму дацягнуцца да твайго фінансавага размаху!

– Можаш не працягваць прыклады. Асноўны пафас мне зразумелы. Але мяне абсалютна не хвалюе і не турбуе, ці будуць мяне ўспамінаць праз сто гадоў. Упэўнены, не будуць. I цябе, прабач, таксама не будуць. Жыццё існуе ў цяперашнім часе. Не ў мінулым і не ў будучым. Я хачу жыць цяпер. Зараз! Разумееш? Жыць у добра абсталяванай сучаснай кватэры, дзе не працякаюць краны і куды не трэба выклікаць заўжды п’янага дзядзьку Васю з ЖЭСа і ставіць яму пляшку, каб прачысціў ракавіну. Я не хачу душыцца ў чэргах за таннай каўбасой, якой будзе грэбаваць нават кот. Я хачу прыйсці ў супермаркет і выбраць тое, што хачу.

– Спадар капіталіст, я цалкам згодная!

– У цябе стандарты жыцця састарэлыя. А ў мяне – новыя. Я не хачу душыцца ў перапоўненым транспарце, каб п’яны – дзядзька дыхаў у твар перагарам. Або натоўп прыціскаў да старой і непрыгожай кабеты…

– А калі кабета маладая і сімпатычная, дык не супраць? – не вытрымала і засмяялася Надзя.

– Я хачу ездзіць на «мерсе» апошняй маркі…

– Твае апетыты растуць. Дарэчы, якая ў цябе цяпер машына?

– «Мерсэдэс», – з гонарам і відавочным задавальненнем – прамовіў Алег. – Колер мокрага асфальту.

– Слухай, мокры асфальт! Я таксама не люблю грамадскі транспарт. Асабліва, калі зімой з нашай ускраіны трэба ехаць у цэнтр на канцэрт. І бабуля з Алесем не любяць штурханіну, калі едуць у музычную школу. Падвёз бы калі-небудзь, новы беларус…

– Між іншым, ініцыятарам нашага разводу была ты. Магла б цяпер штодня ездзіць!

«Не, мае падазрэнні, што ў той сям’і – поўны швах, пацвярджаюцца з кожнай хвілінай», – падумала Надзя, а ўголас сказала: