Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 16

Таццяна Мушынская

– Не, з бабуляй паехалі на лецішча. Маці збіраецца грады палоць ды паліваць, Алесік на ровары пагойсаць. Ён ужо зялёны зрабіўся ў горадзе…

Сёння Надзя была настроена міралюбіва, бо марыла пра заўтрашняе спатканне.

– Я толькі вярнулася з заліку і галодная. Пайшлі на кухню, там і пагаворым. Кавы хочаш?

– Зрабі. А ў вас, я гляджу, нічога не мяняецца. Усё, як было, – сказаў Алег, азіраючы кухню.

– А нашто мяняцца, нам і так добра! – Надзя адчувала, што яе добры настрой пачынае знікаць. Зараз Алег ізноў завядзе любімую пласцінку. I сапраўды:

– Жыццё мяняецца, усё вакол мяняецца, а вы ўсё такія ж, за-кан-сер-ва-ва-ныя!

Апошняе слова ён вымавіў па складах, раздзельна і крыху здзекліва. Яго любімы тон! Некалі Алега адлічылі з трэцяга курса кансерваторыі, давялося пераводзіцца, абіваць парогі, каб мець вышэйшую адукацыю. Вось і сядзіць у глыбіні душы старая крыўда як стрэмка. Здаецца, усё ў чалавека ёсць, а крыўда спакою не дае. Надзя прамаўчала, бо ведала: што варта запярэчыць, як усё скончыцца размовай на павышаных танах.

– Што новага ў свеце класічнай музыкі? – запытаў Алег, паволі, маленькімі глыткамі адпіваючы гарачую каву. – Дарэчы, можна нясціплае пытанне? Колькі ты атрымліваеш за адзін канцэрт?

– На нясціплыя пытанні я не адказваю. Ты ж не называеш суму сваіх даходаў!

Звычайна лічбы ў ганарарнай ведамасці атрымоўваліся мізэрныя і смешныя, і Алег ведаў пра тое. Калі б яна назвала лічбы, ён пачаў бы рагатаць. Смяяўся б доўга і з задавальненнем. Бізнесмен вальяжна адкінуўся на спінку кутняй канапы.

– Ды ў мяне сакратарка ў фірме больш у месяц атрымлівае, чым твае народныя артысты. Ты, дарэчы, яшчэ народнай не зрабілася?

– Не хвалюйся! Табе паведамлю першаму, калі што якое… – іранічна адказала яна. – Мо і на банкет запрашу.

– Буду ўдзячны. Эх, Надзя-Надзя, як бізнесам заняўся, чалавекам сябе адчуў!

– Чамусьці твой сын не адчувае, што яго татка нарэшце зрабіўся вельмі багатым! – як мага больш яхідна заўважыла яна.

– Добра! – засмяяўся Алег. – Злавіла на слове. На! – Ён дастаў з унутранай кішэні лёгкай летняй курткі два пачкі ў банкаўскіх абгортках. – Са мной нядаўна разлічыліся, таму і зайшоў!

Надзя зірнула. Гэта аказаліся не долары, а беларускія грошы.

– Ну, мог бы і «зялёных» пачак падкінуць, новы беларус, калі ты такі ўдачлівы і заможны…

– Надзька, што я чую! – зарагатаў задаволена Алег. – Ты пачынаеш разумець сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці! Яшчэ пару гадоў, і нашы погляды будуць аднолькавыя…

– «Не будуць… – думала Надзя. – Табе не надта салодка ў новай сям’і, вось ты пра блізкасць поглядаў і заспяваў.

Цікава, якія яны розныя – былы муж і Маэстра! Алег, напэўна, нарадзіўся з мабільнікам у адной руцэ і калькулятарам у другой. Любімыя цацкі, з якімі ніколі не расстаецца. Калі спаць кладзецца, відаць, пад падушкай пакідае. Які прыбытак, дзе, колькі, калі? Усё падлічана, усё зразумела, ніякіх непатрэбных эмоцый. Цікава, дзялок поўнасцю знішчыў у ім спевака, ці яшчэ нешта засталося? А можа, дарма я так строга? Бізнес – рэч перспектыўная. Толькі чаму паводзіны Алега заўжды «на мяжы фолу»? Заўжды развязны, штораз яму трэба мяне зачапіць і зняважыць. Або свядома, або мімаходзь…»