Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 19

Таццяна Мушынская

– Цябе дапросішся!

– Дзе ж ты будзеш прасіць! Яшчэ незнарок карона з галавы зляціць.

…Алегу сапраўды было не надта салодка. Толькі не хацеў у тым прызнавацца. Ні сабе, ні каму іншаму. Света, яго другая жонка – сапраўды, з Надзяй не параўнаеш – кабета вясёлая, кампанейская, заўсёды ў добрым настроі. Яна лёгка ўвайшла ў асяроддзе сяброў Алега і ў ім адчувала сябе натуральна. Свецінай стыхіяй было ладзіць вечары, банкеты, выезды на прыроду, пікнікі, застоллі. Тут яна не мела роўных і аказалася віртуозам. Святы павінны ўзнікаць і ладзіцца часта. У гэтым быў сэнс жыцця, яго смак і чароўны водар.

Калі ў фірму да Алега прыязджалі кампаньёны або дзелавыя людзі, каб весці перамовы, ці проста завітвалі старыя знаёмыя, якіх Алег хацеў уразіць карцінай свайго цяперашняга дабрабыту, – а таму штораз узнікала патрэба штосьці зладзіць, – тут Светка аказвалася незаменнай. Ён ганарыўся яе эфектным тварам, станам, як у манекеншчыцы, дарагімі ўборамі і аздабленнямі, купленымі, праўда, за ягоныя грошы.

Новая жонка зрабілася натуральнай і неад’емнай часткай тых нават не багатых, а шыкоўных інтэр’ераў, сярод якіх ён цяпер існаваў. Па першым часе Алег літаральна шалеў ад яе, калі заставаліся адны ў спальні. Светкінай сексапільнасці хапала на тое, каб задаволіць самыя смелыя яго жаданні.

Займеўшы другога мужа, жанчына не збіралася нічога мяняць ва ўласных звычках і схільнасцях. Лічыла, што павінна сачыць за сабой і выглядаць на ўсе сто. I таму ўвесь яе вольны час займалі цырульні, SPA-салоны, касметычкі, масаж.

Але, напэўна, і развялася Светка з першым мужам не выпадкова. I за знешнім выглядам цяпер сачыла не для аднаго Алега. Калі аднойчы ён вярнуўся з камандзіроўкі, падначаленыя пачалі паглядаць на яго з лёгкай насмешкай і шушукаліся за спінай. У вочы сказаць баяліся, шэф усё-такі. Раз’яраны, яшчэ выганіць! Бліжэйшы сябра намякнуў, Алег зразумеў, што тут і да чаго, і паспрабаваў спачатку словам, а потым і сілай супакоіць жонку. Але што твая сіла ці твае долары супраць прыроды і самага магутнага інстынкту? Нішто! Нуль! Дый што ён можа ад яе патрабаваць? Хіба сам святы? Але хоць бы прыстойнасць на людзях захоўвала!

* * *

Пакуль была жывая Свеціна маці, дык яна, бабуля, займалася Волечкай, сваёй адзінай унучкай, у думках кляла апошнімі словамі дачку, якая пераняла «лепшыя» рысы ад свайго бацькі, а яе мужа, – той усё жыццё па чужых бабах бегаў. Калі ж цешча памерла, і Волечка, ціхая маўклівая дзяўчынка, зрабілася ці не сіратой пры жывой маці, Алегу чамусьці стала шкада яе. Бо ён таксама быў адзін у гэтай сям’і. Смешна, вядома! Сваім сынам не надта хацеў займацца, дый часу тады не было, а цяпер чужою дачкой – мусіць. Калі Алег з’язджаў у камандзіроўку па справах фірмы, ён часам прасіў сваю маці прыглядзець за Волечкай – зварыць абед, забраць са школы. Калі нікуды не з’язджаў, гатаваў для Волечкі і сябе. Светка ніколі дома не сядзела, усё недзе лётала. Казала, што па рабоце, але хіба праверыш?.. Так ці прыкладна так думаў Алег, седзячы на кухні былой кватэры насупраць былой жонкі.