Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 15

Таццяна Мушынская

У нядзелю трэба было зрабіць, а ў панядзелак тэрмінова здаць дырэктару вучэльні справаздачу. З лепшымі намерамі Надзя села за пісьмовы стол. Але – якая справаздача?! Усё здавалася непатрэбным і несусветным глупствам. Варта было толькі прымружыць вочы, як уяўленне адразу малявала ягоны твар. Надзя памятала дотык ягоных рук, ягоных вуснаў. Эпізоды спаткання здаваліся трызненнем, сном на яве. «Хіба ён не разумее, што я магу быць спакойнай, толькі калі ведаю, дзе ён, што з ім, які ў яго настрой, пра што думае? Чаму ён не тэлефануе? Можа, усё, што адбылося, для яго нічога не значыць?!»

Дзесяць разоў за два гэтыя дні да яе вярталася надзея, і дзесяць разоў памірала. Праз два дні яны зноў убачыліся, і Надзіны трывогі адышлі, расталі як ранішні туман, перад рэальнасцю спатканняў.

«Атрымліваецца, як у казцы. З’явіўся Прынц, пацалаваў Прынцэсу. Яна прачнулася і ўбачыла, што да гэтага не жыла, а толькі спала мірным сном. Але ж сапраўды, у мяне з’явілася ўражанне, што я пакуль яшчэ і не жыла. А толькі чакала, калі ён з’явіцца…»

Напэўна, на яе найшло нейкае ачмурэнне. Цяпер Надзя разумела псіхалогію наркаманаў. Аднойчы спазнаўшы ягоныя пацалункі, яна ў думках і на яве імкнулася да іх зноў. I ўсе аргументы розуму былі бяссільныя і бессэнсоўныя.

«Мы ўвесь час супадаем. Усюды, ва ўсім. У ацэнках рамансаў, чужых і нашых агульных. У эмоцыях. Нават у ложку… І ўсё мала, і ўсё не хапае… Здаецца, мы ніколі не зможам дайсці да мяжы, дзе нашы эмоцыі заканчваюцца. І ў асалодзе няма мяжы.

Мне нават робіцца страшна! Такое дзіўнае і неверагоднае супадзенне. Такая гармонія. А што потым? Калі скончыцца гармонія і пачнецца дысгармонія? Яна акажацца таксама татальнай? І мне будзе пагана ў такой жа ступені, у якой цяпер добра? Няўжо ўсё адбываецца на яве і са мной?! Няхай такі стан ніколі не скончыцца!»

Відаць, тыя абдымкі-пацалункі абудзілі ў Надзінай душы сілы, пра існаванне якіх спявачка і не здагадвалася. Яна нібы прачнулася і ўбачыла навакольны свет не ў прыглушана-лаканічных і стрыманых фарбах, а ў іх буянні і паўнагучнасці. Надзя ніколі не ўяўляла, што можа жыць у такім неверагодным тэмпе. Калі можна мала спаць, амаль нічога не есці і ўвесь дзень без ўсялякай стомы працаваць.

Яны сустракаліся то ў яго, то ў яе, калі бабуля з унукам з’ехалі на два тыдні на лецішча. Пачуццё шчасця не сыходзіла і не знікала. Тое лета поўнілася шчаслівымі здарэннямі. Паўсюль Надзя заўважала раскіданыя знакі лёсу, які выказваў ёй неверагодную сваю зычлівасць.

Частка шостая

Былы муж

На календары быў чэрвень. Надзя гадзіну таму вярнулася з вучэльні. Алег патэлефанаваў, што знаходзіцца недалёка і неўзабаве зойдзе. Яны не бачыліся даўно, можа, з паўгода, можа, з год. Ён не змяніўся, хіба толькі пакруглеў і патаўсцеў.

«На буржуйскай ежы яшчэ і не так можа разнесці», – без усялякага шкадавання падумала яна.

Алег азіраўся, уважліва паглядаў вакол, бо даўно не бачыў гэтай кватэры. Што дзіўнага! Мінула некалькі гадоў, як ён адсюль сышоў.

– А дзе Саша? На вуліцы лётае?