Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 45

Таццяна Мушынская

– «Ужо і наш! Не каб сказаць – твой, Надзя…»

– …я запрасіў нямецкага імпрэсарыа. Ён у захапленні. Мы з ім размаўлялі пасля канцэрта ды яшчэ частку ночы прыхапілі…

«Кожнаму – сваё. Мы з Андрэем размаўлялі, ты – з імпрэсарыа…»

– Ты ўважліва слухаеш? Уяві, ён прапаноўвае кантракт на дзесяць канцэртаў па буйнейшых гарадах Германіі. Сцэны самыя прэстыжныя. Першае аддзяленне – нумары з учарашняга вечара, другое – вакальная музыка нямецкіх кампазітараў на мове арыгінала. Ты ж яе цудоўна выконваеш! Пералічу гарады, якія могуць быць у кантракце… Надзя, я думаю, што ты не вагаешся, а загадзя згодная. Гэта такая ўдача! Але ўсе падрабязнасці кантракта – пляцоўкі, даты, канцэртмайстры, аркестры, гасцініцы, пералёты і пераезды – трэба дэталёва абмеркаваць. I не варта адкладваць. Давай удакладнім, калі мы сёння сустрэнемся? Усе разам, ты, ён і я…

«Калі без аўтара музыкі, я абавязкова паеду. Ад падобнага праекта ніводная разумная спявачка не адмовіцца. Бо за ім могуць паўстаць яшчэ больш прывабныя і маштабныя пляцоўкі і кантракты. Калі ехаць разам з кампазітарам, нават з месца не крануся. Ды толькі як патлумачыць падобную акалічнасць імпрэсарыа? Я не валодаю нямецкай, каб свабодна з ім размаўляць. Значыць, сам кампазітар будзе перакладаць. І што сказаць? Маўляў, мяне бярыце, а яго не трэба, бо я з ім больш не сябрую? Так?.. Што ж рабіць?

Я паставіла кропку. Развіталася з ім і з ягонай музыкай. Развіталася назаўсёды! Я абяцала сабе, што больш не буду спяваць ягоныя творы. Навошта тады ўсё пачынаць наноў? Вогнішча адгарэла само. Нашто распачынаць тое, што не мае і не павінна мець працягу? І вы хочаце мне сказаць, што гэтае ненармальнае жыццё і вар’яцкі дом будзе доўжыцца бясконца?»

– Надзя, нешта перарвалася. Ты мяне чуеш? – пыталася слухаўка голасам Маэстра.

Надзя маўчала.