Читать «Доўгае развітанне» онлайн - страница 14

Таццяна Мушынская

У той канцэрт, які адбудзецца праз некалькі дзён, павінна ўвайсці частка вакальнага цыкла. А сам ён, лічы, не цыкл, а суцэльная анталогія. Яе і за пяць вечароў не праспяваеш. Цяпер ідуць перамовы, каб увесь цыкл – і тое, што прагучыць у канцэрце, і тое, што не ўвойдзе, – запісаць у фонды радыё. I менавіта ў яе выкананні. Бо Маэстра лічыць, што лепш за Надзю тое ніхто не зробіць.

Сяброўскія адносіны яна падтрымлівала з многімі кампазітарамі, чые творы выконвала раней. Але заўсёды імкнулася паставіць сябе так, каб паміж імі існавала пэўная дыстанцыя. Гэта дапамагала сумеснай творчасці, бо не ўзнікала непатрэбных эмоцый. Як кажуць, нічога асабістага!

З Маэстра атрымалася іначай. Мо таму, што ўпершыню за апошнія гады Надзі хтосьці пачаў усур’ёз падабацца, толькі яна не хацела сабе ў тым прызнавацца. А мо таму, што вакальны цыкл быў напісаны на тэксты любоўнай лірыкі, і адметнасць увасаблення сардэчных захапленняў і пакут у вершах і музыцы ў розныя стагоддзі яны абмяркоўвалі ўвесь час. Калі добра падумаць, чым можа скончыцца сумесная праца маладой спявачкі і маладога кампазітара над вакальным цыклам, напісаным на тэксты любоўнай лірыкі? Вядома, чым. Або поўным непаразуменнем, спрэчкаю і канфліктам, або поўным паразуменнем і пацалункамі. Яны выбралі апошняе.

* * *

У той дзень рэпетыцыя скончылася рана. У расчыненыя вокны вучэльні вецер прыносіў душны і мройны водар чаромхі. І Надзя падумала: «Шкада, што ён зараз знікне…»

Яна марудна збірала ноты, не ведаючы, што сказаць, каб гэта выглядала натуральна і не дужа выдавала яе таемныя памкненні. Але, напэўна, і ён існаваў сёння на той жа хвалі, бо, калі ноты былі сабраныя, спытаў:

– Надзя, вы сёння не дужа спяшаецеся?

Спачатку папілі кавы ў бліжэйшай кавярні, каб крыху асвяжыць галаву. Потым Маэстра ўспомніў, што павінен забраць у сябра дыск з фотаздымкамі, які заўтра – апошні тэрмін! – трэба некаму аддаць. Спачатку яны ехалі тралейбусам, потым ішлі пешкі, пра штосьці гутарылі і смяяліся, але ў Надзінай душы ўсё трымцела ад чакання і хвалявання. «Слухай, ты дурніца? Ці школьніца, якая ўпершыню ў жыцці выправілася на спатканне з хлопчыкам?..» – дзівілася яна сабе.

Дзверы ліфта адчыніліся, і Надзя ўбачыла, што там цёмна.

Напэўна, падлеткі лямпачку разбілі. Яна зрабіла крок наперад – нібы з абрыву ў цёмную рэчку. Дзверы зачыніліся, ліфт крануўся. Маэстра абхапіў Надзю за талію, прыцягнуў да сябе і пачаў цалаваць яе вусны і твар горача, з такім маладым запалам, якога яна не чакала. Тыя імгненні, пакуль ліфт ехаў уніз, падаліся ёй вечнасцю.

Потым яны яшчэ доўга блукалі ўздоўж ракі. Пра нешта гаварылі, а больш маўчалі і цалаваліся. І Надзі здавалася, што яе шчасцю не будзе канца. Бо душа лунала высока ў небе.

Дома яна доўга не магла заснуць, усё круцілася з боку на бок. Уставала, піла халодную гарбату і доўга глядзела ў столь шырока расплюшчанымі вачыма. Надзя спадзявалася, што заўтра ці паслязаўтра ён патэлефануе. Але тэлефон упарта маўчаў. Два дні падаліся ёй двума стагоддзямі. Яна нічога не магла рабіць, усё валілася з рук.