Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 11

Янка Купала

ЯНКА. Адно трохі не ў час.

АЛЕНКА. Не ў час?

ЯНКА. Так! Гэтыя новыя акупанты ды іншыя згрызоты не даюць табе спакойна працаваць у Менску. На маю думку, найлепей пакуль што ехаць на вёску і там прывучаць да навукі людзей і самой ад іх вучыцца. Бо я таксама выязджаю па вёску.

АЛЕНКА. I вы? Ну што ж? на вёску дык на вёску! Нават хоць у пекла, калі вы параіце...

ЯНКА. О, там вельмі горача! Значыцца, згода?

АЛЕНКА (падаючы руку). Згода!

ЯНКА. Не адкладаючы справы ў доўгі мех, лахі пад пахі ды яшчэ заўтра — марш на свежае паветра!

АЛЕНКА. Але і кніжак з сабой набяром?

ЯНКА. Абавязкова!

АЛЕНКА (як бы саромеючыся, спускаючы вочы, сціха). Але толькі — беларускіх, дзядзька настаўнік!

ЯНКА. Аб іншых і рэчы быць не можа.

Кароткая паўза.

ГАРОШКА (да Аленкі). А ты, сарока, калі ўжо адсакатала сваё, аддала б настаўніку тое, што прывезла.

АЛЕНКА. Калі я саромлюся.

ЯНКА. Мабыць, нешта надта брыдкое.

АЛЕНКА. I зусім не брыдкое, а нават, як цётка Агата казала, дужа прыгожае. Самі гэта скажаце. (Дастае з торбы прыгожа вышытую кашулю і саматканы ўзорысты пояс і падае Янку, сур'ёзна кажучы.) Прымеце, калі ласка, дзядзька настаўнік, гэту драбніцу ад сваёй шчыра вам удзячнай і адданай вучаніцы. 3 нашага лёну гэта кашуля і з нашай воўны гэты пояс. А сама я ўласнымі рукамі ад шчырага сэрца для вас выткала і вышыла.

ГАРОШКА (падаючы новую, дзераўляную, па-мастацку зробленую лыжку). А ад мяне прымеце вось гэта... 3 сваёй яблыні й сваімі рукамі зрабіў.

ЯНКА (расчулены). Дзякую, ад усёй душы дзякую! Не ведаю, чым і заслужыў на гэткую ласку?

Уваходзяць Мікіта і Гануля.

З'ява XV

Тыя ж, Мікіта, Гануля.

МІКІТА (вясёлы, пасвіствае і напявае). Радуйся, вселенная! Абвяшчаю ўсім, усім, усім: немцы акупавалі, меджду протчым, Менск!..

ЯНКА. Ну і чорт з імі!

МІКІТА. I зусім не чорт, пане, хэ-хэ-хэ! беларус. (Напявае.)

Немцы едуць, нашы йдуць,

Немцы нашых падвязуць.

(Убачыўшы Янкавы падарункі.) Меджду протчым, што гэта ў вас, пане профэсар?

ЯНКА. Праўдзівая кашуля, праўдзівы пояс і праўдзівая лыжка.

ГАНУЛЯ. Якія ж прыгожыя!

МІКІТА. Як уважаю, то і вы сягоння імяніннік.

ЯНКА. А праўда, імяніннік, толькі з іншай плянэты.

Званок. ГАНУЛЯ выходзіць і варочаецца, а з ёю СПІЧЫНІ.

З'ява XVI

Тыя ж, СПІЧЫНІ.

МІКІТА (уніжліва вітаючыся). Маё найніжэйшае ўшанаванне, мусье прафэсару! А я думаў, што сягоння ўжо не прыйдзеце.

СПІЧЫНІ. Справы затрымалі. Але мы затое пазней пазаймаемся.

ЯНКА (да Ганулі, набок). А гэта што яшчэ за такі позны госць?

ГАНУЛЯ. Гэта не госць, а нейкі важны дырэктар. Вучыць Мікітку па-нямецку гергетаць. Хто ён родам — напэўна не ведаю. Але сам ён кажа, што ён немец, людзі кажуць, што італьянец, мне здаецца, што ён проста, як і мы, тутэйшы.

МІКІТА (да Ганулі). Меджду протчым, мамаша, апаражнеце стол, бо нам трэба хутчэй вучыцца «ўрокаў».

Гануля прыбірае стол, пасля ладзіць для Гарошкаў пасцель на падлозе. Ходзіць у іншыя пакоі.

ЯНКА (да Аленкі і Гарошкі). А мы, пакуль яны будуць вучыцца сваіх «урокаў», пойдзем у мой пакой.

Выходзяць.

З'ява XVII

Мікіта, Спічыні, Гануля.

МІКІТА (паклаўшы на стол некалькі тоўстых слоўнікаў). Меджду протчым, я гатоў, мусье профэсар.