Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 24

Янка Купала

Уваходзяць ЯНКА І АЛЕНКА.

З'ява II

Гануля, Гарошка, Аленка, Янка.

ЯНКА (вітаючыся з Гануляй). Як жывём, цётачка? Даўненька ўжо з вамі не бачыліся!

ГАНУЛЯ (пакінуўшы мыццё). О, даўненька! Бадай, годзікі са два ўжо будзе.

ЯНКА. Ды з гакам, цётачка. (Да Гарошкі.) А дзядзька Гарошка прачакаўся, мабыць, на нас? Пэўна люлек з тузін змарнаваў за гэты час.

АЛЕНКА. Тузін не тузін, а штук з сем то пэўна ж татка выпыкаў.

ГАРОШКА. Не табе іх лічыць, сарока! (Буркліва.) Пайшлі і прапалі, а мне сядзі тут у чужой хаце і чакай на іх.

ГАНУЛЯ. Што ты, сваток? Якая ж гэта чужая табе хата?

ЯНКА. Ну, не бурчэце, дзядзька: у вельмі пільнай справе прыйшлося нам заседзецца крыху.

ГАРОШКА. Заседзецца, заседзецца! Як прышпілюць вам калі-небудзь хвост на гэтых пасядзінах, то прападзе вам ахвота і стаяць, не толькі што сядзець. Тое-гэта, палякі на носе, — кажуць, што ўжо Навінку забралі, — а яны швэндаюцца сабе!

АЛЕНКА. Трэба ж было, татачка, прыгледзецца, як рыхтуюцца менчукі спатыкаць новых акупантаў.

ГАРОШКА. Ну, і што там цікавага? Мала йшчэ вас гэтыя абскубанды паскубалі.

АЛЕНКА. Не абскубанды, тата, але акупанты, акупанты.

Паўза.

ЯНКА (азіраючыся па пакоі, да Ганулі). Але ваша хата, цётачка, надта неяк змянілася ад таго часу, як я выехаў ад вас: так выглядае тут усё, як бы вы толькі што з іншай кватэры перавезліся.

ГАНУЛЯ. Бачыце, было тут у нас у Менску апошнім часам нейкае палатненне, дык нас і ўпалатнілі ў адзін пакой, а іншыя — забралі. Той пакой, дзе жылі вы, аддалі нейкаму ў скураной жакетцы, — паміж іншым, ён сягоння раніцай ужо выехаў ад нас; а з таго боку, дзе была мая спальня і Мікіткавы габінэт, абодва гэныя пакоі заняў нейкі іхні рэдактар, па прозвішчы Гізульскі. Але, як відаць з усяго, то ён, мусіць, не зусім іхні, бо нешта не збіраецца выязджаць, хоць іхнія амаль ужо ўсе выехалі. Мікітка кажа, што гэты Гізульскі душа, а не чалавек, — надта політычны і знае ўсялякія свабодныя профэсіі.

ЯНКА. Асабліва, мабыць, добра знаёмы з профэсіяй правакатарскага мастацтва?

ГАНУЛЯ. Хто яго разбярэ, з якім і з чым ён там знаёмы.

ЯНКА. Мусіць, для гэтага політычнага чалавека вы, цётачка, крэслы свае плюшавыя аддалі, каб мякчэй было яму сядзець, бо гэтых крэслаў штось не бачу я тут?

ГАНУЛЯ. Ды не! Да яго йшчэ пераезду сюды нашы крэслы недзе ў іншае месца спалатнілі.

АЛЕНКА. I грамафон з люстрам таксама?

ГАНУЛЯ. Не, дзетка. Гэтыя рэчы Мікітка мой сёлета на тавараабмен прагандляваў. I вось з усяёй, казаў той, роскашы засталася толькі балалайка, але і тую запісалі на нейкі ўчот.

Уваходзіць МІКІТА ў вынашанай і палатанай «зашчытнага» колеру вопратцы, цягнучы за сабой каламажку, у якой: тры тоўстыя вялізныя партфелі, а чацвёрты — меншы; пад імі: колькі малых мяшэчкаў з прадуктамі, два селядцы, звязаныя лыкам, тры воблы, нанізаныя на аборку, невялічкая стограмовая пляшка з газай, вялікае, быццам з-пад капелюша, пудэлка з пудрай, некалькі сучкоў дроў, букетнік для кветак, тры чаркі.