Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 23

Янка Купала

3аслона

ДЗЕЯ ТРЭЦЯЯ

Той самы, што ў першай дзеі, Мікітавы пакой. У беспарадку накідана ўсякіх хатніх рэчаў, як бы яны сабраны былі з некалькіх пакояў. Люстра, грамафона і мяккіх крэслаў няма. Шпалеры павыдзіраны і кускамі звісаюць к долу. Абразы і малюнкі — тыя самыя, што ў першай дзеі, — перавернуты тварам да сцяны. Па ўсіх свабодных мясцох расклеены па сценах друкаваныя ўрадавыя пастановы, дэкрэты, лозунгі, загалоўкі тагачасных газет, плакаты. Вісіць балалайка. Калі падымаецца заслона, ГАНУЛЯ, закасаўшы рукі, мые бялізну ў начоўках, непадалёк сядзіць ГАРОШКА і пыхкае люльку.

З'ява I

Гануля, Гарошка.

ГАРОШКА. Аб чым жа, тое-гэта, хацеў я казаць?

ГАНУЛЯ. А нешта нейкае аб высяленні была ў цябе, сваток, гутарка напачатку.

ГАРОШКА. Ага, успомніў! Дык вось, як нашы гэткім чынам апошні суд з князем прайгралі, пачалося тое высяленне. Але як, свацейка, пачалося?! Нашы ўсё роўна не хацелі пакідаць сваіх загаспадараных сяліб. Ну, што ж? Нагналі гібель казакаў, сам нават спраўнік з Менску прыехаў. Тады ўсе мужчыны і ўсе кабеты, найболей старэйшыя, паклаліся ўпоперак вуліцы. «Хай высяляюць! — сказалі сабе гэтак. — Хай праз нашы галовы ўвойдуць у нашы родныя хаты!» Ну, разумеецца, казакі не спалохаліся гэтага. Рынулі ўсёй гурмай на конях праз ляжачы народ, а за імі прыстаў на сваёй вараной тройцы. На капусту людзей зрэзалі і на кашу з зямлёй змяшалі. Бацька й маці мае таксама там засталіся.

ГАНУЛЯ. Мы наракаем, што цяпер цяжка жывецца, а як падумаеш, дык і ўперад не вялікі мёд быў.

ГАРОШКА. I чамярыца яго ведае, як гэта неяк хітра на свеце ўстроена! Паны былі польскія, законы — рускія; польскія лаюць рускіх, рускія лаюць польскіх, а як прыйдзе што да чаго, каб нашага простага чалавека пакрыўдзіць, дык і польскія і рускія ў адну дудку граюць.

ГАНУЛЯ. Ды яно ж гэтак, мой сваток. Каму па каму, а нам, казаў той, дык два камы.

ГАРОШКА. Наш настаўнік, Янка, дык той без ніякага нічога, як тапаром сячэ: «Пакуль, кажа, не зробімся самі сабе гаспадарамі, датуль ніякага ладу, ні складу ў нас не будзе. Гэты пастаўнік добры і дужа разумны чалавек, але трохі галава яго нечым заведзена, бо мала, што сам носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі, дык яшчэ, як на тое ліха, і маёй Аленцы ў галаве ўсё дагары нагамі перакуліў. I цяпер тая ўжо, як папуга, паўтарае за ім: «Недачаканне іх! — кажа. — Будзем самі сабе гаспадарамі!»

ГАНУЛЯ. Звычайная рэч, мой сваток. Маладое піва заўсёды шуміць.

ГАРОШКА. Так яно так. Але найчасцей ад гэтага шуму нам, бацьком, галава баліць. Я табе йшчэ не казаў, мая свацейка, што ў мяне апрача Аленкі быў і сын — Юрка. Удалы дзяцюк быў, ах які ўдалы! і таксама шумеў, занадта ўжо шумеў. I што? Самахоць за німашто асіраціў мяне. Служыў тады ён у Маскве на нейкай фабрыцы. А там — помніш? — у дзевяцьсот пятым годзе пайшлі забастоўкі ды іншыя непарадкі. Як людзі казалі, і мой Юрка не адстаў. Вылез на вуліцу і давай з іншымі на чым свет шумець і крычаць: «Зямлі і волі!» Разумеецца, за такі крык жандармы і збяёдалі яго з гэтага свету. Кажу свайму настаўніку, што во да чаго шум і крык такі даводзіць, а ён смяецца: «Бо, кажа, твой Юрка за чужую зямлю і волю шумеў і крычаў, а не за сваю, дык нічога з гэтага і не выйшла».