Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 12
Янка Купала
СПІЧЫНІ. Можам прыступіць, мусье рэгістратар. Учора мы збольшага прайшлі аддзел прывітанняў, сягоння павінны іх паўтарыць болей стала. Як вы прывітаеце, спаткаўшы немца?
МІКІТА. Гута моргэн, гэр гэрманіш!
СПІЧЫНІ. Добра! А цяпер, як вы прывітаеце, спаткаўшы немку?
МІКІТА. Гута тахт, балабоста прусіш!
СПІЧЫНІ. I зусім не балабоста, а фрау... Паўтарэце: фрау, фрау, фрау!
МІКІТА. Фраву, фраву, фру, фруву... Фраву-ву...
СПІЧЫНІ. Добра! А як вы прывітаеце, спаткаўшы вось такое... (паказвае) малое немчанё?
МІКІТА. Шабас гут, гэр кіндар фатэрлянд, меджду протчым!
СПІЧЫНІ. Ой, куды вы заехалі, куды вы заехалі? Толькі не шабас, а... (Далёкі стук у дзверы злева. Спічыні, ускочыўшы.) Нехта ці нешта, здаецца, як бы недзе стукае?
МІКІТА. А праўда, меджду протчым, стукае. Можа, ужо гэр гэрманіш?
СПІЧЫНІ. Усякі стук мяне нэрвуе: не магу спакойна выкладаць лекцый. Пакуль што маю гонар выйсці. Заўтра пачнем прывітанні навыварат. (Хапае шапку і знікае ў дзвярох справа.)
МІКІТА (услед Спічыні). Да мілага спаткання. (Да Ганулі.) Меджду протчым, мамаша, мабыць, напраўдзе немец стукае, бо далікатна. Ідзеце адчынеце дзверы і крыху прытрымайце яго, пакуль я пераадзенуся, бо, чаго добрага, прыйшоў на работу хапаць.
Выходзяць абое, паўза.
(Варочаецца пераадзеты па-пажарніцку з каскай на галаве, з тапаром пры поясе і з жалязякамі, што лазіць па слупох, пры нагах. Становіцца ў позу і напявае.)
Гусар, на саблю опіраясь,
В глубокой горэсці стаял...
Уваходзяць ГАНУЛЯ І НЕМЕЦ у вайсковай форме.
З'ява XVIII
Мікіта, Немец, Гануля.
МІКІТА (беручы «пад казырок» і нізка кланяючыся). Гута моргэн, гэр гэрманіш. (Набок.) Абач, абач, і немцы адзяюцца ў форму а-ля-кум пажарны, гэта — каб не хапалі, мабыць, іх саміх на работу.
НЕМЕЦ. Ці няможна ў вас папрасіць у гэту манерку трохі вады?
МІКІТА (набок). На якую ж халеру пацеў я столькі над шпрэхендэйчам, калі яны па-нашаму лепей ад нас саміх шпрэхаюць? Але, мабыць, гэта мне здаецца, або ён удае, што ўмее па-тутэйшаму. (Да немца.) Зіхэнзіш... Заразіш... (Набок.) Зірну ў слоўнікі, як яму адказаць. (Шастае слоўнікамі.) Можна... можна... колькі... колькі... хочаце... хочаце... вады... вады... Няма гэтага. Каб іх пярун спаліў, такія слоўнікі! (Да немца.) Кіндэр фравуну, меджду протчым, фатэрлянд, гэр гэрманіш... (Падказвае на мігі, што ўлле яму вады.)
НЕМЕЦ (падышоўшы блізка да Мікіты і прыглядаючыся да формы). О-о! Што я бачу? Рыхтык рускі генэрал. (Набок.) Але хоча дурня клеіць, каб выкруціцца ад палону. (Беручы «пад казырок».) Ваша прэвасхадзіцельства! Я вас павінен, як верны нямецкі салдат, забраць у палон, бо вы рускі генэрал.
МІКІТА (перапужаны). Аяяй! Оеей! Куды ж я падзенуся? Во, меджду протчым, папаўся, як мурза ў студню. Оеей! Оеей! Як жа яму вытлумачыць, што я не генэрал, а калежскі рэгістратар? Пашукаю яшчэ ратунку ў слоўніках. (Шастае слоўнікам.) Генэрал... генэрал... пажарная каманда... Оеей! Оеей! Мая ты босая каманда. Няма ў слоўніку. Дзе той Спічыні? Які яго нячысцік выкруціў у гэтую небяспечную для меня хвіліну? Оеей! Оеей! Што ён нарабіў мне, гэты гэр профэсар з сваёй навукай! Оеей! Оеей!