Читать «Тутэйшыя» онлайн - страница 13

Янка Купала

НЕМЕЦ. Я чакаю, ваша прэвасхадзіцельства!

МІКІТА. Рыхтык, рэхт, меджду протчым, шабас гут, фрау... фатэрлянд... Зараз, зараз! Аяяй! Аяяй! А ратунку аднекуль, а збаўлення аднекуль. Забярэ ў палон, у нямецкі палон, і жыві там як хочаш.

ГАНУЛЯ (ломячы рукі, да Немца). А мой жа паночак, а мой жа немчык! Не бяры ў мяне апошняга Мікітку.

МІКІТА. Оей! Оей! Што будзе, то будзе, папрабую загаварыць з ім па-нашаму, можа, зразумее. Мусье немец. Ясны пане немец! Я не генэрал, а толькі пажарная каманда... Пажарнік менскай, меджду протчым, пажарнай дружыны, — дакумант маю на гэта з пячаццю. Бачыце, я толькі кум пажарны. Каб я з гэтага месца не зышоў, калі я генэрал!

НЕМЕЦ. Не магу паверыць, ваша прэвасхадзіцельства! Заўсёды генэралы кажуць, што яны не генэралы, калі іхнае генэральства пачынае ім самім бокам вылазіць. А дзеля гэтага — прашу ў палон!

МІКІТА. Оей! Оей! I зразумеў і не паверыў. Гвалтам робяць генэралам. Чаму ж ты скрозь дна не правалілася, мая ты пажарная каманда! Аяей! Аяей!

ГАНУЛЯ (ходзячы па хаце і ломячы рукі). Матачкі мае родныя, бацечкі мае хрышчоныя! Што гэта робіцца? Садом і Гамора! (Стукае ў Янкавы дзверы.) Пане настаўнік! Дзядзька беларус! Ратуйце! Немец Мікітку ў палон цягне!

Уваходзяць Янка, Аленка, Гарошка.

З'ява XIX

Тыя ж, Янка, Аленка, Гарошка.

МІКІТА (стаўшы перад Немцам на калені). Оей! гэр гэрманіш, кіндар фатэрлянд! балабостачка мой ненаглядны! Не губі маёй маладосці — не бяры ў палон! Больш ніколі не буду генэралам.

ЯНКА (чуўшы гэту гутарку). У чым справа?

МІКІТА. Оей! Оей! Мусье немец зрабіў мяне, меджду протчым, генэралам і хоча ў палон цягнуць, а я не хачу быць генэралам і не хачу ў палон цягнуцца. Оей! Оей! Пане настаўнік, бацька беларус! выбаўляй з ягіпецкай няволі!

ЯНКА (адвёўшы набок Мікіту). Дайце яму тры рублі, і адчэпіцца.

МІКІТА. Дам дзесяць, а толькі ратуйце, меджду протчым! (Мацае па кішэні.) Ой, грошы засталіся ў рэгістратарскіх «меджду протчым». Пазычце мне да заўтра.

Янка дае яму грошы, Мікіта падыходзіць да Немца, становіцца на адно калена і падае грошы.

Вось вам, ясне мусье немец, гэр гэрманіш, пакуль што контрыбуцыя, заўтра дам энэксыю, а там, калі не хопіць, жонак, дзяцей залажу, меджду протчым, мамашу, толькі дайце перадышку, не цягнеце ў палон!

Немец (хаваючы грошы). Загаварылі б адразу гэткім языком, ваша прэвасхадзіцельства... (Бярэ «пад казырок» і выходзіць.)

З'ява XX

Тыя ж без Немца.

МІКІТА (зрываючы з сябе і кідаючы па чарзе аб зямлю часткі пажарніцкага ўбору). К чорту пажарніцкую каманду! К чорту пажарніцкую кар'еру! (Пускаючы аб зямлю кнігамі.) I нямецкае шпрэхэн к чорту! I нямецкая губарнатарская канцэлярыя к чорту! Ад заўтрашняга дня займуся свабоднай профэсыяй — буду на Койданаўскай вуліцы гандляваць нямецкімі рублямі.

Гануля падбірае параскіданае, Аленка штохвіля пырскае смехам, Янка насмешліва ківае галавой, Гарошка пыхкае мацней люлькай і плюе.

3аслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Позняя восень. Сцюдзёна. Пад вечар. Месца дзеі — кусок Катэдральнага пляца, называнага іначай мянчанамі «Брахалка», — бліжэй ад Койданаўскай вуліцы, з відам насупроць — вежа з гадзіннікам. Па пляцы колькі дрэў без лісцяў, некалькі садовых лавак. Праз усю дзею праходзяць то сюды, то туды рознага калібру ГРАМАДЗЯНЕ, ГРАМАДЗЯНКІ і йграе напераменку лера і шарманка. Пры падняцці заслоны першым праходзіць справа ўлева ЛЕРНІК з лерай, а пасля ШАРМАНШЧЫК з шарманкай. Некалькі быўшых ПАНЯЎ, стоячы радам, прадаюць усялякія хатнія манаткі. Непадалёк ад паняў такі самы тавар прадае ГАНУЛЯ.