Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 9

Алена Васілевіч

Хто-хто, а я ведаю, як жыць у сваякоў. I мне да слёз шкада Шуру. I я таксама расказваю ёй усё пра сваё жыццё: і як бацька пакінуў некалі нас з мамаю, і як памерла мама. Як потым забраў мяне да сябе дзядзька Мікалай, і як мне ў яго жылося, і як цяжка жывецца цяпер без гаспадара сястры Сашы. А тут яшчэ і я ў яе на шыі… Вось чаму я і паступіла сюды, у педвучылішча, «на свой хлеб».

Мы з Шураю раскрываем сэрцы адна адной гэтак шчыра і горача, што абедзвюм нам хочацца плакаць. I мы гатовы, здаецца, каб гэта была не вуліца, абняцца і паклясціся, што мы ніколі-ніколі ў жыцці не пакінем адна другую, што мы будзем дружыць да смерці…

Добрых дзяўчат на нашым курсе многа. Можна смела сказаць, што большасць дзяўчат у нас выдатных! Затое хлопцы — усе, як адзін, нейкія недарэкі. Занялі Камчатку і яшчэ задзіраюць насы: маўляў яны не заўважаюць дзяўчат… Падумайце! Было б каму задзіраць тыя насы. Устане каторы адказваць выкладчыку, дык пыкае, мыкае — праціўна слухаць!

I мяне толькі дзівіць — і не толькі дзівіць, а нават і злуе, — што нічога гэтага не заўважае Шура. «Глядзі, — шэпча яна мне, скоса пазіраючы ў бок класнае дошкі, — а Валодзька Гурбо на нашым курсе самы прыгожы хлопец…» (А той Валодзька ніяк не можа рашыць ураўнення з адным невядомым…)

Валодзька Гурбо самы прыгожы хлопец на нашым курсе? Божа!.. Сухі таран, да таго ж, як жэрдка, доўгі. I чорны, як грак… А Шура мне сваё: «Глядзі, якія ў яго прыгожыя зубы… I вочы. Мне падабаюцца ў хлопцаў такія сур’ёзныя вочы…»

Вось ужо не звярнула б увагі ні на вочы, ні на зубы Валодзькі Гурбо…

— Ша-дай! — расцягвае Садоўнікаў і махае рукой. Гэты жэст яскрава гаворыць: што з цябе больш выцягнеш… і Садоўнікаў ставіць у журнал Валодзьку Гурбо «здавальняюча». Паставіць студэнту «нездавальняюча» ў Садоўнікава не паварочваецца рука: у студэнта знімуць стыпендыю.

Шура цераз плячо праводзіць Валодзьку позіркам да самае яго Камчаткі. Хоць забі мяне, а я не магу зразумець гэтага яе захаплення. Мне, напрыклад, мог бы спадабацца толькі такі хлопец… Толькі такі… Аднак які — пэўна акрэсліць свой ідэал я нават сама не магу. А Шура аж млее. Ды і Валодзька Гурбо, здаецца, неабыякавы да яе. На кожным перапынку і ён усё круціцца то каля нашае парты, то каля акна на калідоры, дзе мы, дзяўчаты, звычайна абмяркоўваем усе свае сакрэты… Падумаеш, каханне…

Такі раблю я выгляд. А ў самой, недзе на самай-самай глыбіні сэрца, усё часцей і часцей пачынае варушыцца не то неспакой, не то сумненне, не то чаканне: а да мяне яно прыйдзе? I калі? I якое яно будзе?

Стыпендыя

Першую стыпендыю мы, першакурснікі, чакаем з пачуццём, якое ні з чым не параўнаеш. На другіх ужо і трэціх курсах стыпендыя азначае выключна крыніцу матэрыяльнага зместу: грошы. Яны патрэбны на кожным кроку, без іх нідзе не абыдзешся. Нам жа, першакурснікам, яшчэ не знаёмым з гэтай усемагутнай уладай, нам стыпендыя ўяўляецца чымсьці больш ідэальным: яна сцвярджае перш за ўсё нашу прыналежнасць да той вышэйшай касты, якою, несумненна, з’яўляецца студэнцтва ў параўнанні са школьнікамі. Па-другое, стыпендыя абяцае нам хоць і не поўную, а ўсё ж незалежнасць. Ад дому і ад сваякоў. I абяцае хоць які пярэдых ад вечнае жыццёвае няхваткі… Наўрад ці ўсё гэта мы ўсведамляем розумам. Першая стыпендыя цалкам знаходзіцца ў сферы нашых пачуццяў.