Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 79
Алена Васілевіч
I зноў мы ўдваіх.
— Выспалася? Не хочаш спаць?
— Не хачу… (Які там сон. Я амаль усю ноч не заснула.)
— Табе не холадна?
Майская раніца такая прыветная, такая сонечная.
— Куды пойдзем?
Якая розніца. Я ж сказала ўчора.
— Ты ў мяне маладзец!
Не згаворваючыся, мы ідзём да Дняпра.
— Ты надоўга? — адважваюся спытацца я.
— Надоўга…
— Наколькі?
— Да заўтрашняе раніцы…
— Ай…
— Мы з табою хутка стрэнемся зноў. Назусім. Добра?
— У мяне ж ужо накіраванне…
— А я прыеду і ўкраду цябе!
— А як нас у турму?
— Дык пасадзяць жа нас удваіх!
Удваіх — няхай сабе і ў турму…
Удваіх мы блукаем цэлы дзень. Лазім па дняпровых кручах. Умошчваемся і сядзім на выгнутым ствале хваіны-ліры.
— Памятаеш, як мы сядзелі тут з табою?..
— Памятаю… (Усё памятаю!)
— I тут развіталіся?
— А цяпер страчаемся.
— Ты не ведаеш, як я чакаў гэтага дня!
(Не, гэта ты не ведаеш, як я яго чакала…)
Потым мы катаемся на Дняпры на лодцы. Пераязджаем на другі бераг, на Збароўскі луг. Нам хочацца піць, і мы рвём кіслае — аж сківіцы зводзіць — шчаўе. А згаладаўшыся, зноў пераязджаем на лодцы на свой бераг. Перавозчык, сівы згорблены дзядок, не то цешыцца з нас, не то шкадуе:
— Маладосць, маладосць…
(Была ж некалі яна і ў яго…)
Абедаем мы ў гарадскім рэстаране. Сядзім удваіх за столікам. У нас нават па кілішку чырвонага віна. Закусваем вінегрэтам і гуляшамі. У рэстаране мы страчаем нашых хлопцаў-студэнтаў. Хлопцы выразна пазіраюць у наш бок: ого! Я разумею, што лячу з галавою ў вір — і ўсё роўна вір гэты мне жаданы. Мне свае галавы не шкада…
Вечарам мы ідзём у кіно па Цымерманаўскай. Нічога не чуем і не бачым, сядзім паўтары гадзіны. А потым заходзім у гасцініцу ўзяць Ванеў шынель.
Вечары яшчэ свежыя. I праседзець на вуліцы распранутымі — будзе холадна. Будзе холадна мне — Ваня пра мяне клапоціцца, каб не прастыла.
На ўтульнай Задруцкай вулачцы мы выбіраем незаняты ганачак і займаем яго на цэлы вечар. (У Ваневым шынялі мне цёпла, і я не буду спяшацца дадому.) На суседніх ганках таксама сядзяць пары. Гэта нашы, студэнцкія, ганачкі.
— Ты толькі хутка пішы, адразу, як заедзеш…
— А ты мне адразу адказвай. Добра? А праз год, у гэту пару, мы ўжо будзем разам…
I зноў мы вяртаемся да таго, што, здаецца, усё перагаварылі ўжо за цэлы дзень. Пра ўсё дамовіліся. Усё вырашылі…
Ён прыедзе да мяне… У маю новую школу. Ён прыедзе і забярэ мяне. I мы паедзем — разам ужо. (Хоць на край свету!) Каб потым быць ужо толькі разам. Толькі ўдваіх…
А потым зноў гэтак жа доўга развітваемся мы ў нас у інтэрнаце, на ганку. Світае. Да адпраўлення цягніка трэба яшчэ забегчы ў гасцініцу разлічыцца.
На вакзале Ваня прымушае мяне выпіць шклянку чаю. Сам ён закурвае папяросу.
Над ранішнім умытым перонам гучаць чыгунныя ўдары — прыбывае пасажырскі цягнік. Імгненныя сем мінут стаянкі…
Цягнік зноў рухаецца з месца. А мы ўсё яшчэ трымаемся за рукі.
— Пішы!
— Чакай!
* * *
А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна.