Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 8

Алена Васілевіч

— Байцова, я даручаю вам (у педвучылішчы ўсіх нас завуць на «вы»: мы ж — студэнты!) правесці агульны сход. Вы ў нас будзеце за старасту.

— Я не ўмею праводзіць сходы, Уладзімір Феафілавіч!

— Вучыцеся.

— Але вы павінны будзеце мною кіраваць!

«Вы павінны будзеце…» Ну, хто б гэта з нас, вясковых дзяўчат ці хлопцаў, адважыўся б гэтак гаварыць? А самае галоўнае — хто б з нас здолеў гэтак — ні ў каго з нас і слоў бы гэтакіх не знайшлося б.

Недзе на трэці ці на чацвёрты дзень я нарэшце займаю месца на першай парце ад дзвярэй. Няма больш зручнага месца: ты і наперадзе, ты і збоку — ад вока выкладчыка… Да мяне падсядае новенькая. Яна чамусьці спазнілася на заняткі. На першых лекцыях мы толькі яшчэ прыглядаемся адна да аднае.

Пад канец заняткаў нас ужо не разальеш вадою. Як мы толькі дачакаемся заўтрашняга дня?..

Мая суседка Шура Палявая — цяпер я ведаю, што яна будзе і мая сяброўка, сяброўка на ўсё жыццё! — самая прыгожая дзяўчына на першым курсе. Такіх прыгожых дзяўчат я яшчэ не страчала ні разу ў сваім жыцці. I я ганаруся, што такая прыгажуня выбрала ў суседкі менавіта мяне, а не каго іншага з дзяўчат.

Шура прыехала аднекуль з-за свету, з нейкага Лоева на Дняпры (яна кажа, што Лоеў — гэта таксама горад…). I ён, відаць, і сапраўды недзе за светам, бо вельмі ж смешная гаворка ў Шуры. Што ні слова, то ўсё яна «шчокае»:

— Нам трэба даказаць, шчо ў прамавугольным трохвугольніку… Шчо квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў… — так, напрыклад, даказвае ля дошкі тэарэму Піфагора Шура Палявая.

I, вядома ж, уся аўдыторыя смяецца. Смешна і мне. Што гэта за мова такая?

— Шчо табе смешна? Шчо ты смяешся? — крыўдзіцца і на мяне Шура, па-дзіцячы маргаючы заўсёды крышку здзіўленымі, як асака, зялёнымі вачыма.

Аднак крыўды яе хапае ненадоўга. У Шуры мяккі характар. Мо таму і лёгка нам з ёю дружыць. Я, наадварот, крыўду забываю цяжка, асабліва калі мяне пакрыўдзілі злосна ці знарок.

На першым часе мяне здзіўляе, што дома Шура ніколі не паспявае падрыхтавацца да заняткаў. Рыхтуецца яна заўсёды ў педвучылішчы і заўсёды спехам, на перапынках, перад пачаткам урокаў. Не такая прыкладная ўжо і я сама. Напрыклад, я таксама спісваю перад урокамі і на перапынках задачы па стэрэаметрыі ў Надзі Гірко. (Наш выкладчык матэматыкі Садоўнікаў пазней махне на мяне рукою: у мяне абсалютна адсутнічае прасторавае ўяўленне.) Спісваю, вядома, зусім не таму, што ў мяне не хапае часу рашыць іх. Проста задачы па стэрэаметрыі ў мяне адразу «не атрымліваюцца», а ламаць галаву над імі ў мяне зусім няма ніякай ахвоты. Старая — яшчэ са школы — песня…

Шура ж не вучыць дома і вусных урокаў. Неяк аднойчы, калі мы пасля заняткаў праводзімся і развітваемся асабліва доўга, Шура расказвае мне, што яна жыве ў роднае сястры і за тое, што жыве ў яе і што сястра яе вучыць, у Шуры не патрабуюць грошай — Шура павінна няньчыць сестрыно дзіця, мыць пялёнкі, прыбіраць кватэру, бегаць у магазіны. Сястра — жонка камандзіра, «ваенная дама» — ведае толькі прыбірацца і хадзіць штовечара са сваім камандзірам у кіно. Сястра вельмі прыгожая і капрызная жанчына, а яе камандзір намнога старэйшы за яе, ва ўсім ёй патурае… Таму ўвесь хатні клопат і ляжыць на Шуры.