Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 11

Алена Васілевіч

— З першае стыпендыі вы павінны абавязкова пайсці і сфатаграфавацца, — павучае нас Ніна.

— Я фатаграфавалася з кожнае, — незалежна падкрэслівае Валя, зноў сядаючы да люстра. I, відаць, гэта праўда: у Валі да яе хараства яшчэ і адзетак, і абутак добры. Відаць, бацькі добра жывуць. То можна і з кожнае стыпендыі фатаграфавацца.

— А мне трэба тату грошы завезці, — як быццам з некім спрачаецца, кажа мая суседка Марфа з Замошша. Ёй, і праўда, трэба завезці грошы бацьку: бацька адзін, удаўцом, гадуе пяцёра. I вось Марфу яшчэ адправіў вучыцца.

— А мне малым трэба… — у Мані Прусаковае дома таксама не лішніца, таксама хата малых і толькі бацька з мацераю робяць у калгасе. У Мані добрае сэрца; яна вельмі любіць гэтых сваіх малых — братоў і сясцёр, хоць праз іх ёй не перападае нават лішняе паркалёвае сукенкі. Але Мані як быццам і не патрэбны строі. Як не патрэбна ніякая пудра, ні алоўкі на бровы і павекі (яны ў яе і так цёмныя). У Мані добры высокі рост і на галаве — каса — нібыта карона з золата. Золата гэта пераліваецца, ззяе — і ў яго бляску нават не звяртаеш увагі на Маніны несамавітыя строі.

Трэба і мне… I мне трэба аддаць грошы сястры Сашы. (Каму і аддаваць, калі не мне?) I малым трэба абавязкова нешта купіць — яны ж мяне заўсёды гэтак чакаюць… Не, я не буду траціцца на нейкую там пудру, ці памаду, ці фатаграфаванне. Я без усяго гэтага абыдуся. Вучыцца я ішла для таго, каб вучыцца, а не каб пудрыцца ці мазацца крэмамі. Я буду памагаць дадому…

З такімі дабрачыннымі думкамі і намерамі замыкаю я сваю казну ў свой чырвоны драўляны куфэрак. Не пакідаюць яны мяне і ўсю дарогу, пакуль я іду на выхадны дадому. Як я ўсіх абрадую!

…Дома маю стыпендыю сустракаюць хутчэй ніякавата, чым з гучным захапленнем. Вядома, знайшлося б ёй месца — гэтулькі дзірак кругом. Але сястра Саша і баба Іваніха як быццам саромеюцца: ты заслужыла і ў цябе тут жа адабраць з рук гэту стыпендыю…

— Мая галубка, — кажа баба Іваніха, — гэту нашу прорву не загаціш. А табе і самой трэба.

— А што я буду рабіць з імі? — я і сапраўды не ведаю, што мне рабіць і куды мне растраціць — толькі на сябе — гэтулькі грошай. Навошта мне іх столькі? Яны мне ўжо цягнуць уніз рукі — гэтыя паперкі…

— Зробіш, — кажа Саша. — Купі сабе, я бачыла, вельмі харошыя трыкатажныя рубашкі з гальштукамі. У цябе ж няма ніякіх строяў. Бэзавую выберы… — Саша любіць гэты колер.

— Няхай цяплейшую якую адзежыну на зіму купіць, — дае сваю параду баба Іваніха.

Парашаем на тым, што дома я ўсё ж пакіну трыццатку. (Малыя рвуць з рук: «Дай нам патрымаць!» А баба Іваніха ім фартухом: «Гэта вам, вужы печаныя, забаўка — грошы? Бачыце — Ленін!») Сорак пяць рублёў вазьму патраціць на ўласныя патрэбы. Патраціць, вядома, з розумам. («Глядзі, дзеткі, не марнуй дарэмна грошы…»)

На наступны выхадны я прыходжу дадому ўжо ў бэзавай трыкатажнай кофтачцы з гальштукам. У інтэрнаце, у мяне на тумбачцы, стаіць ужо бутэлька трайнога адэкалону. У кашальку я нашу дзве квітанцыі на атрыманне фотакартак. Я з Шурай Палявой і я адна. Паштоўкі: 6Ч9 і 9Ч12… Малым, бабе Іванісе і сястры Сашы — дзвесце грамаў «падушачак»…