Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 7
Алена Васілевіч
Ад Калоніі да педвучылішча немалая дарога. За канца ў канец цераз увесь горад. Спачатку трэба мінуць Камсамольскі бульвар з помнікам-абеліскам чатырнаццаці чырвоным партызанам, якіх расстралялі ў дваццатым годзе белапалякі. На абеліску чатырнаццаць прозвішчаў — большасць тутэйшых, знаёмых, — Цішкевіч, Саладуха, Раўтовіч, Бялько, Красуцкі — відаць, былі ўсё мужчыны і хлопцы з недалёкіх сёл… Дагэтуль партызаны і партызанская тэма вывучаліся толькі ў падручніках па гісторыі і літаратуры і мелі дачыненне як быццам толькі да кніг. А цяпер гэта гераічная гісторыя кожнага з нас як бы кранаецца штодня…
Штодня, спяшаючыся на заняткі, мы мінаем сціплы каменны абеліск і, як завучаны ўжо добра ўрок, паўтараем у памяці балючы пералік невядомых нам гераічных жыццяў…
Першая ўзорная школа (на шыльдзе — літары золатам!) звяртае маю ўвагу перш за ўсё тым, што наша школа была таксама ўзорная. Няхай сабе і другая ў раёне… Успамінаецца яшчэ, што ў гэтай школе (да рэвалюцыі тут была мужчынская класічная гімназія — над уваходам год збудавання — 1617) вучыўся некалі мой стрыечны брат Сцёпа. Дома не раз успаміналі: няма ў гімназіста галёшаў ці няма форменнага шыняля — швейцар і на парог не пусціць…
Камсамольскі бульвар упіраецца ў шырокую вуліцу Валадарскага. А дома ў нас яе і дагэтуль завуць па-ранейшаму: Выгодаю. На Выгодзе, у доме Гаховіча, жыў некалі з братам Колем мой бацька. Коля аднойчы прынёс мне падарунак ад гаспадаровае дачкі Тамары — ляльку, якой я дала імя таксама Тамара. Лялька Тамара была маім багаццем і маёй уладай над сяброўкамі: яна насіла ружовае шаўковае плацце і шаўковыя панталоны з брыжыкамі. I яшчэ мая лялька заплюшчвала і расплюшчвала вочы і клікала: «Ма-ма…»
Гаховіча з дачкою, расказвалі потым у нас дома, некуды выслалі з горада. Бацька мой памёр, а брат Коля як паехаў пасля яго смерці да цёткі, недзе пад Рудзенск, так і не напісаў ніводнага пісьма.
У педвучылішча прыводзіць Калонію Пралетарская вуліца. Педвучылішча — самы высокі ў горадзе трохпавярховы цагляны мур. Да рэвалюцыі тут змяшчалася камерцыйнае вучылішча. Дома, калі я толькі яшчэ падала дакументы і чакала выкліку на іспыты, баба Іваніха хвалілася суседкам:
— Наша ж Ганька дабіваецца ў камерчаскае вучылішча…
I вось, выходзіць, дабілася…
Мы — студэнты
Першыя дні. Першыя лекцыі. (У педвучылішчы ў нас ужо няма звычайных урокаў — тут у нас ёсць гучныя лекцыі!) Яшчэ не ўсе з нас маюць сталае месца ў аўдыторыі (і класаў няма — ёсць аўдыторыі!). Не кожны выбраў сабе яшчэ сталага суседа.
Толькі Рая Байцова і Роза Вальфсон — гараджанкі — усюды разам. Яшчэ з прыёмных іспытаў. Яны і цяпер сядзяць разам за першай партай, перад сталом, за якім сядзяць выкладчыкі. Раю і Розу ні з кім з нас не зблытаеш: гарадская мода, руская мова, а самае галоўнае — гэта смеласць і незалежнасць у паводзінах: і з выкладчыкамі, і на перапынках.
Я, мусіць, хутчэй памерла б, чым адважылася б вось так спрачацца, як Рая Байцова, з нашым класным кіраўніком Уладзімірам Феафілавічам Ляўковічам: