Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 10
Алена Васілевіч
I вось настае нарэшце вялікі дзень!
Мы ўжо ведаем, дзе бухгалтэрыя, дзе каса, і, як толькі звініць апошні званок з апошняе лекцыі, мы натоўпам — з трэцяга на першы паверх — нясёмся па лесвіцы. Аднак знайшліся і больш увішныя за нас: каля квадратнага акенечка касы цягнецца ўжо ладны хвост. Хутчэй прымкнуць да гэтага хваста!
Касір, лысы старэнькі ў акулярах, яшчэ не ведае ніводнага з нас, першакурснікаў. I таму ён падоўгу і прыдзірліва разглядае і параўноўвае кожнага з нас з фотакарткаю на студэнцкім білеце. Гэта разгляданне цягнецца марудна доўга… (Як быццам нельга было пасадзіць другога касіра, а не абавязкова гэту старую порхаўку…) Нарэшце да квадратнага акенечка даходзіць і мая чарга. Касір круціць у руках мой білет, пазірае то на мяне ў акенечка, то на мяне на білеце.
— Гурновіч… Хто Гурновіч?
— Я — Гурновіч.
— А дзе гэта відно, што ты Гурновіч?
— У вас жа мой білет…
— Дык хіба гэта ты?
— А хіба не я?
— Я не ведаю, хто гэта, — бубніць касір і, паслініўшы пальцы, адлічвае мне грошы.
Потым ён іх некалькі разоў пералічвае, потым кладзе ў мой білет, прыўстае і яшчэ раз углядаецца ў мой твар, як быццам я прыйшла яго ашукаць ці абакрасці.
Што там адбываецца далей — мне ўжо няма ніякае цікавасці. У маіх далонях шамаціць пяць навюткіх паперак. Дзве ружовыя, размашыстыя, з партрэтам Леніна ў авале — трыццаткі і тры шэра-блакітныя — пяцёркі. Семдзесят пяць рублёў! Зроду ў жыцці я не трымала ў сваіх руках столькі грошай. Куды з імі цяпер падзецца? Куды схаваць, каб не згубіць хаця? Пра тое, каб ісці і па дарозе ў інтэрнат купіць сабе хоць цукерак — і думкі такое няма. Як гэта ісці і вось так адразу аддаваць некаму, у некага разменьваць гэтакія звонкія паперкі? Каб яшчэ хаця старыя былі ці якія пашмальцаваныя… Як скупы рыцар, я не магу дачакацца моманту, калі пераступлю парог інтэрната і схаваю сваю казну ў свой чырвоны куфэрак…
А ў інтэрнаце таксама нязвычнае ўзрушэнне! Усе атрымалі стыпендыю. Нашы суседкі з другога курса — яны ходзяць цераз наш пакой — ужо сядзяць перад люстэркамі, пудрацца і падводзяць бровы. (За стыпендыю накупілі парфумы!) А мы, цяляты-першакурснікі, мы сядзім на сваіх ложках і ўсё не можам нацешыцца на свае паперкі…
— У панчоху будзеш складаць? — насмешліва кідае ў мой бок Валя Жаўрыд. Яна знарок выходзіць са свайго пакоя ў наш — паказацца. Валя і без таго прыгожая, а як падчарніла бровы і вейкі ды як напудрылася — дык вачэй не адвесці.
— Пачакай, гэта яны адразу такія ашчадныя… Як і мы былі, — смяецца Валіна суседка Ніна Бахта. Ніна не пагарджае гэтак, як Валя, намі, першакурснікамі. Яна заўсёды дае нам добрыя парады.