Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 6
Алена Васілевіч
Калонія
Два прыземістыя баракі на голым пляцы пры ўездзе ў горад і ёсць тая самая знакамітая Калонія, куды, па традыцыі, педвучылішча спіхвае толькі першыя курсы.
У нядзельныя дні на Калонію, як на кірмаш, з’язджаюцца фурманкі. Дзядзькі ў даўжэзных суконных халатах, калі дажджовіца ці якая халепа, і цёткі ў мультаноўках і кажухах, абапнутых посцілкамі — бацькі і маткі студэнтаў. Паволі злазяць яны з вазоў, паволі разгінаюць знямелыя за дарогу спіны і ногі і, прывязаўшы да суседняга плота каня, бяруцца вызваляць вазы. Мяхі бульбы, кошыкі яблык, торбы і торбачкі скораму, боханы хлеба, гладышы і бутэлькі малака — усё гэта дзеткам-студэнтам, што, падаўшыся ў навуку, з’ехалі за свет. Дзеткі — ужо ладныя дзяўчаты і цыбатыя юнакі — радню чакаюць з цямна. Тут іх не трэба падганяць. Барзджэй пацалаваўшыся з мамаю і татам, яны таксама памагаюць распакоўваць вазы. I потым ужо весела вядуць бацькоў у інтэрнат, кожны ў свой пакой.
Калі ж надвор’е стаіць добрае, не цэдзіць дождж, не мяце завіруха, тады, на выхадны дзень, Калонія сама кіруецца да родных гнёздаў. Тады ў інтэрнаце застаюцца толькі самыя далёкія ці тыя, каму няма да каго кіравацца, няма спадзявацца на каго.
Нядзельнымі надвячоркамі з розных бакоў, з розных дарог Калонія сходзіцца назад на свой голы пляц, у свае несамавітыя баракі.
Прывілеямі карыстаюцца другія і трэція курсы — яны селяцца ў арыстакратычнай прафшколе (з таго часу, як прафшкола як навучальная ўстанова скончыла сваё існаванне і з усімі будынкамі перайшла пад інтэрнат да педвучылішча). На Калонію прафшкола глядзіць з пагардай, а хутчэй зусім не жадае заўважаць яе: каланіяльная зелень… Не дзіўна таму, што ступіць за вароты прафшколы можа толькі той, у каго ёсць сувязі…
Калонія цярпліва чакае свайго часу.
Я са сваім дашчаным чырвоным куфэрачкам і, як гара, высокім сенніком, вядома ж, застаюся на Калоніі. Засцілаю жалезны салдацкі ложак (у самым кутку прахаднога пакоя) белай прасціною. На падушцы ў мяне — агульнапрыняты інтэрнацкі шык! — накрухмаленая і падсіненая мярэжаная накідка з марлі. Дзяўчаты-суседкі на сваіх тумбачках выставілі дзеля хараства пустыя бутэлечкі з-пад адэкалону і каробачкі ад пудры. Трэба будзе і мне паклапаціцца. У мяне няма ні бутэлечак, ні каробачак ніякіх — затое ў мяне ёсць паштоўкі. Голуб, увесь у срэбры і з гэтакім жа срэбраным канвертам у дзюбцы, кружыцца над сталом з велікоднымі яйкамі. I яшчэ пастаўлю кацянят з бантамі — у кошыку…
Міжвольна мне ўспамінаецца наш інтэрнат у школе. Я добра ведаю, што Маня Жук, наша выхавацелька і наш стараста, дала б мне за гэтыя велікодныя яйкі… Дала б і за срэбнага голуба, і за кацянят з бантамі. Усё гэта Маня зняважліва звала мяшчанствам. Пры Мані ў нашым пакоі не было ніякага мяшчанства. На сценах у нас віселі толькі партрэты правадыроў і выдатных пісьменнікаў краіны.
Але ж не пачну я тут, на Калоніі, заводзіць тыя нашы парадкі. Ды і хто мяне тут паслухае? Зноў я ў пакоі, як паглядзець збоку, самая меншая. Дома, здаецца, як быццам і вырасла, як быццам і дарослая. А як толькі пакажуся на людзі — драбяза драбязой…