Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 5
Алена Васілевіч
— Ах ты, лайдак! Ах, вуж печаны! — на ўсю загарадзь грозіць баба Алімпа. — Прыйдзеш ты мне дадому! Я табе пакажу арфу!
I не зразумець ужо, за што яна злуецца на ўнука: за тое, што ўлез у арфу і напалохаў яе, ці за тое, што сам выкараскаўся і ўцёк. Мы з Анютаю капаем бульбу, потым нясём яе ў кашах дадому, потым пачынаем уходжвацца: прыйшлі з пашы каровы і авечкі, дзеці прыгналі свіней з выгану. Неўзабаве прыходзіць з калгаснае работы і Васіль. I ён памагае Анюце: носіць у хату кашы з бульбаю, носіць ваду.
Сядзець доўга за вячэрай няма звычкі. Стол прыбіраем мы з Васілём самі. Анюта ледзь дацягнулася да ложка. Потым кладуся я з малымі — і тут, у Анюты з Васілём, іх таксама двое, і таксама дзяўчынка і хлопчык — як і ў нас дома, у сястры Сашы. Каб не разбураць прыбранага ложка, мы сцелемся на падлозе. Тушыць лямпу і апошнім кладзецца каля Анюты, на кухні, Васіль.
Стома і сон агортваюць мяне адразу, як толькі я кранаюся галавою падушкі. Малыя яшчэ штурхаюцца і капрызяць, але я ўжо нічога гэтага не чую. Я ўжо сплю. Я здала іспыты. Я на волі. Кайданы спалі…
Прачынаюся я ад спалоханага Васілёвага голасу:
— Ганька! Устань, Ганька!..
Я падхопліваюся на пасцелі і не магу зразумець, калі ж тая ноч паспела мінуць…
— Устань, Ганька! — гэта ўжо Анюцін голас, з кухні. Толькі чаму ён гэтакі слабы і жаласны, не голас нават, а плач. Смутна здагадваючыся пра нешта няпэўнае, я нацягваю сукенку і выбягаю на кухню.
— Бяжы, Ганечка, да Лаўрыніхі… Пабудзі яе… Скажы, што я раджаць надумалася… А ты, Васіль, будзь каля мяне…
— Бяжы хутчэй, галубка!..
Я ўжо за парогам, за веснічкамі. Бягу колькі сілы!.. Толькі куды ж гэта я бягу спрасоння? Мне ж трэба ў вёску, а я — на выган…
…Лаўрыніха толькі божкае і не паспявае за мною. На парозе ў сенцах ледзь пераводзіць дух, адчыняе дзверы ў хату… Хата нас страчае прарэзлівым гукам:
— Ага!
— Ну, вось і дзякуй богу! — у цемнаце, на абразы, хрысціцца Лаўрыніха.
— Ой, паміраю!.. — стогне Анюта.
Мяне зноў адпраўляюць з хаты — пасылаюць бегчы ў Зялёную Дуброву паклікаць мацеру — бабу Іваніху. I зноў бягу я ў цемры выганам, потым сцежачкаю цераз лён, потым паўз могілкі (і толькі ў думках паспяваю папрасіць: «Мамачка, зрабі так, каб Анюта не памірала…»), бягу жытам і не адчуваю, як сцябаюць па твары каласы, як калючымі вусамі казычуць шыю… Гэтак жа подбежкам, удзвюх ужо з бабаю Іваніхаю, вяртаемся мы назад.
Бярэцца на ранак. I калі мы прыбягаем на таліцкі выган, усход над лесам ужо добра ружавее. Яшчэ не ведаючы, што з Анютаю, і баючыся таго, што адбылося, мы ўваходзім — паперадзе баба Іваніха, я следам — у хату.
На ложку, на падушцы поруч з Анютаю, ляжаць дзве спавітыя лялькі. Лялькі маўчаць, а Анюта, як толькі ўбачыла мацеру, пачынае галасіць:
— А што ж я рабіцьму з імі… Я ж з імі прападу…
Маці і Лаўрыніха суцяшаюць Анюту. Нешта гавораць ёй. А я стаю ля парога і не чую, што яны гавораць. Я не зводжу воч з гэтых дзвюх спавітых лялек і міжвольна, як быццам збоку, гляджу на сябе самую, гэтакую ўжо дарослую… I ў мяне няма нават кроплі сумнення, што Анюта і сапраўды прападзе. «Калі яна дачакаецца людзей ад гэтых лялек?..»