Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 4
Алена Васілевіч
— Схадзем, Ганечка, да мяне. Паможаш мне бульбы накапаць… Нешта мне сёння недабрыцца… — Анюта цяжарная, яна заняла паўлавы.
— От, табе абы толькі цягаць яе. Няхай лепш дома адпачне, — кажа сястра Саша.
— Я ўжо адпачыла. Я схаджу памагу! — Я люблю Анюту і гатова хадзіць да яе хоць кожны дзень.
Нам з ёю ўдзвюх заўсёды цікава… Да таго ж — і сапраўды, як ёй капаць тую бульбу, як ёй згінацца — гэтакая тоўстая зрабілася.
— Ты б да Каці, дзеўка, паказалася, — папракае Анюту маці — баба Іваніха (Каця — участковая акушэрка).
— Усё не збяруся ніяк. Заўтра ўжо з’езджу.
— Ды глядзі, няхай Васіль каня запражэ, — наказвае маці.
— Запражэ, няўжо ж пацягнуся…
Я пад’ела (сёння мне падалі, сёння за мной прыбралі!) і гатова ўжо ісці ў памочніцы да Анюты.
— Ну то бывайце здаровы, — цяжка ўстае з лавы і развітваецца Анюта.
От дзіва! Як быццам гэта хата ніколі не была ёй роднаю.
— Пайдзі здарова! — жадаюць Анюце на дарогу маці і сёстры. Няўжо і яны адвыклі ад яе? Прыйшла — пайшла…
Дзіва, дый толькі! Я гэтага зразумець, а тым больш прыняць сэрцам ніяк не магу. Як можна адвыкнуць ад дому? Як можна адвыкнуць ад Анюты? Я ж ад яе не адвыкла!
Дарогі ў Таліцы — адна ўсяго вярста. Сцежачкаю, наўскасок, спачатку цераз сваё жыта, а потым цераз таліцкія льны. Сцежачка ідзе паўз могілкі. Каторы год ужо тут спіць-спачывае мама. Каб магла яна ўстаць, каб сама я мела ўладу разбудзіць яе сёння… Пра гэта думае і Анюта. I Анюта ўслых гаворыць:
— От, Ганька, каб твая маці дачакалася сённяшняга дня… Колькі б ёй радасці было ўбачыць цябе студэнткаю!
Каб дажыла мама… Каб дачакалася… Я нічога не адказваю Анюце, бо ведаю, што, як толькі загавару, абавязкова заплачу. I мы абедзве моўчкі мінаем могілкі. Сонца на захадзе, і Анюта спяшаецца дадому.
Анюціна хата з краю вёскі, ля самага выгану. Двор з хлявом і скацінаю адгароджаны, і хата стаіць у садзе, сярод чысценькай муравы. Абступілі яе кругом і заглядваюць у вокны мальвы і кусты вяргіняў.
Хараство! Хораша і чыста ў Анюты і ў хаце.
I сама яна нейкая зусім не такая, як усе вясковыя жанкі. Анюта ўсё сама шые: і сабе, і дзецям. Цяпер вось толькі…
Мы з Анютаю бяром кашы, рыдлёўкі і ідзём у загарадзь капаць бульбу. А там, на суседскім агародзе, перапалох, мітрэнга.
— Анютка, галубка! Пакліч свайго Васіля, няхай бярэ пілу і сякеру і хутчэй бяжыць сюды!.. — на ўсю сядзібу лямантуе баба Алімпа.
— Што ў вас нарабілася? — спяшаецца да яе Анюта.
— Гэта ж Ігар ушчаміўся ў арфу, і ніяк яго не выбавіць адтуль… А нашых мужчын ніводнага дома няма — у лесе…
— Як гэта ён у той арфе апынуўся?
— У хованкі гулялі… I я ж тут, старая дурніца, была. Яшчэ задушыцца дзіця, — плача баба Алімпа, подбежкам шкандыбаючы назад да арфы.
— Дзе ж ён тут? — заглядваем мы абедзве з Анютай у арфу.
— Усярэдзіну ўбіўся… Мо зацёкся ўжо…
— Ды няма яго тут, цётка. Што вам здалося?
— А бацюхны мае, ён жа крычаў…
— Зірніце самі.
— Няўжо ж гэта ён уцёк, каб не білі…
— Няўжо ж ён дурны чакаць, пакуль пачнуць арфу секчы, — смяецца Анюта. — Добра напалохаў бабу — і ўцёк!