Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 3
Алена Васілевіч
Храстовы кароль урачыста адчыняе перада мною цяжкія дзверы:
— Ідзі смела, не бойся!
Я іду ў тыя дзверы. Я памятаю, што некалі маме-нябожчыцы на картах заўсёды выпадаў храстовы кароль — казённы мужчына. I мама заўсёды радавалася: храстовы кароль быў на дабро.
Лялькі
Акно ў вагоне расчынена, і я падстаўляю стрэчнаму ветру твар, працягваю яму рукі.
Мне страшэнна хочацца высунуць у акно і галаву — а што там наперадзе? — але няможна: сварыцца праваднічка.
«Оковы тяжкие падут…» Гэта маё пытанне на іспытах: расказаць на памяць «Пасланне ў Сібір» А. С. Пушкіна… Але ж гэта не толькі маё пытанне — гэта і вершы пра мяне самую… Імі поўніцца ўся мая істота: аковы ўпалі! Цямніцы рухнулі! Я — на волі!.. Як быццам і не было таго калацення і страху. Як быццам не было ніякіх іспытаў… Толькі чароўныя палотны-спісы засталіся бялець на сцяне: прозвішча, курс, група… Поруч другі спіс: стыпендыя. Поруч — трэці — інтэрнат.
Нібыта і не было ніякага ні страху, ні калацення.
Дадому я прыязджаю ўжо студэнткаю.
Ці трэба казаць, што дома страчаюць мяне зусім як не мяне: урачыста, з павагай і гонарам. Паглядзець на студэнтку сышлася радня; суседкі — то тая, то другая — заскокваюць пазычыць хлеба ці рэшата…
— Уга! Гэта ўжо і Ганька вярнулася з экзаменаў?
— Вярнулася студэнтка, а то хіба не пара? — баба Іваніха сама падае мне полудзень. Малых — Жэню і Віціка — трапкачом выганяе з-за стала: — Дайце ёй папалуднаваць. Вунь як змарнела за гэтыя іспыты…
— А то хіба лёгка навукі дабіцца? Гэта вам не лён на таку абіваць… Маладзец, Ганька! Бывайце здаровы… — і суседка знікае.
— Ганька, а дзе ты цяпер жыцьмеш? — малых выгналі з-за стала, дык яны цяпер шыюцца з другога боку.
Дзе я буду жыць цяпер? Цяпер я буду жыць у інтэрнаце. На Калоніі…
— А дзе ты яду брацьмеш? — гэта мая Калонія Жэню і Віціка ніколечкі не абыходзіць: пустое слова для іх…
Дзе буду браць яду? А стыпендыю хто будзе атрымліваць?.. Іспыты я здала на «добра» і «выдатна», і таму стыпендыю мне прызначылі павышаную. Звычайная — шэсцьдзесят рублёў а павышаная — семдзесят пяць. Нават падумаць страшна — гэтулькі грошай!
— Ты ў нас цяпер буржуйка будзеш, — кажа сястра Анюта. Яна аж з Таліц прыйшла на гэту падзею — маё вяртанне з іспытаў. — Бачыце, кім цяпер Ганька будзе, як добра вучылася звяртаецца яна да пляменнікаў. — А вы гультаі. Вам свіней нават цяжка выгнаць на выган…
Малыя не крыўдзяцца: вялікі клопат, што самі яны гультаі. Затое Ганька!.. Яны не даюць мне пад’есці:
— А што ты нам купіш?
— Кукіш купіш… Бач, ужо знайшліся ахвотнікі да пакупак, — сварыцца баба Іваніха. — Пабачым, як вы самі будзеце вучыцца, а то, бач, — што ты ім купіш…
Мне шкада малых: усе на іх наваліліся. Але за іспыты я, і праўда, добра выгаладалася: смажэнікі з маласольнымі гуркамі здаюцца царскай ядою!