Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 13

Алена Васілевіч

Талентаў патрабуе ад нас і нас класны кіраўнік Уладзімір Феафілавіч. За вочы мы завём яго «факстрот». Ён высокі, худы і ходзіць, падважваючыся, як на спружынах. «Факстрот» патрабуе ад нас талентаў тэатральных, мастацкіх. Уладзімір Феафілавіч сам выдатны чытальнік і музыкант. Ён кіруе ўсёй мастацкай самадзейнасцю педвучылішча, і яму хочацца, каб і яго курс вылучаўся талентамі, як вылучаюцца некаторыя іншыя курсы. Як, напрыклад, другі курс.

Валодзя Бабейка — сын настаўніка, іграе на раялі. Гэты талент у нашым асяроддзі, вядома, не ідзе ні ў якое параўнанне. Напрыклад, на вечары Валодзя Бабейка (у цёмным гарнітуры, у белай сарочцы пад гальштукам) выходзіць на сцэну, кланяецца глядзельнай зале, а Уладзімір Феафілавіч — наш чароўны «факстрот» — выходзіць следам за ім і гучна, як сапраўдны артыст, аб’яўляе:

— Глінка: «Жаваранак»… Выконвае студэнт другога курса (паўза) Уладзімір Бабейка!

Усё замірае. Валодзя ўскідае над клавішамі рукі — і ў зале, адкуль ён толькі залятае, пачынае раптам кружыцца, трапятаць крыльцамі і залівацца спевам жаўрук.

Валодзю са сцэны праводзіць гром воплескаў.

Ну і Валодзя… Кажуць, і бацька яго, і дзядзькі ўсе таксама музыканты, вядомыя на ўсю акругу. Кажуць, без іх не абходзіцца ні адно вяселле, ні адно свята.

Пасля Валодзі Бабейкі выступае другая любіміца педвучылішча — Лена Ванкевіч. Лена — спявачка з мяккім пранікнёным голасам. У яе рэпертуары — народныя песні. Лена спявае «Калыханку».

А-а-а-а, мой сынок. А-а-а-а, мілы… Не крычы, не плач дарэмна, Набірайся сілы…

I хоць сярод нас, студэнтаў, няма яшчэ ніводнага чалавека, у каго ўжо была б патрэба спяваць калыханкі, Ленін спеў заварожвае ўсіх нас. Мы плешчам у далоні, тупаем нагамі: «Ле-на!.. Ле-на!.. Лена!..» — і не дазваляем ёй пакінуць сцэну.

I чарнявая сімпатычная Леначка — на перапынках яна здаецца вельмі звычайнай — зноў і зноў выбягае з-за куліс, кланяецца, шчасліва ўсміхаецца і зноў спявае. Цяпер яна хоча нас даканаць жартаўлівай народнай песняй «Хлопец пашаньку пахае…». I даконвае! У яе выкананні столькі гумару, столькі прывабнасці і шчырай прастаты!

Праграма разнастайная і вялікая.

— Уладзімір Маякоўскі! «Стихи о советском паспорте»…

Слухачы ўжо ведаюць: вершы Маякоўскага будзе чытаць падобны да Маякоўскага Алесь Кандыбовіч. Уласныя вершы Кандыбовіч толькі друкуе, са сцэны ён чытае толькі вершы Маякоўскага.

I сапраўды, на сцэну выходзіць Алесь Кандыбовіч. Шырокі крок. Адна рука ў кішэні, другая адкідвае непаслухмяныя цёмныя валасы.

Я волком бы выгрыз бюрократизм! К мандатам почтения — нету! К любым чертям с матерями катись Любая бумажка, но эту!.. —

і Алесь Кандыбовіч выцягвае з кішэні сваю «краснокожую паспортину»…

Зала ўзрываецца ад воплескаў.

Потым з чытаннем уласных вершаў выступаюць паэты Алесь Заяц, Іван Крот, Іда Рубінштэйн… Усё гучныя імёны! Вершы іх, на жаль, не такія гучныя…