Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 14

Алена Васілевіч

Потым паказваюць скетч… А пасля пад духавы аркестр пачынаюцца танцы.

На танцах застаюцца старэйшыя курсы і тыя з дзяўчат-першакурсніц, каго запрашаюць старэйшыя хлопцы. Шура Палявая застаецца. Яе запрашаюць!

Валодзя Гурбо толькі кідае з кутка на Шуру змрочныя позіркі. Мне здаецца, што за гэты вечар ён яшчэ больш схуднеў і пачарнеў. Мне яго шкада. Мяне таксама ніхто не запрасіў… Шура, шчаслівая і яшчэ прыгажэйшая, чым заўсёды, ідзе ў круг, забыўшы нават, што мы з Валодзькам існуем на свеце. Вось табе і сяброўства да смерці…

Вучымся

З першых жа дзён заняткаў наперад у нас вырываецца Рая Байцова. Настаўнікам прыемна чуць бліскучыя адказы здольнай студэнткі — у Раі адны толькі выдатныя адзнакі. Роза Вальфсон ідзе другім нумарам: яна не такая здольная, як Рая, яна і менш ахвочая да таго, каб не разгінацца над падручнікамі. Затое ў Розы бясконца абаяльная ўсмешка і такі гарэзлівы позірк, што нават калі яна і не вывучыць тэму, не кожны выкладчык знаходзіць адвагу паставіць ёй кепскую адзнаку.

I Роза сціпла апускае вочы і садзіцца на месца. А праз хвілінку, падняўшы вечка парты, крадком ужо кідае позірк на старонку зачытанага рамана Лідзіі Чарскай «Ва ўладзе золата».

Роза ідзе другой студэнткай.

Астатнім паспяваць за Раяй Байцовай і Розай Вальфсон нялёгка. Няма ні таго бойкага слова, ні тае смеласці, што з пялёнак выхоўвае горад. Нібыта на рукі твае, і на ногі, і нават на мову набіты жалезныя абручы. Вёска… I немалы час спатрэбіцца, пакуль здолее яна гэтак жа лёгка павярнуцца, гэтак жа смела ўсміхнуцца, і загаварыць, і бліснуць чароўнай усмешкай…

О мілая мая вёска!

Найбольш дарослай на нашым курсе мне здаецца Таня Мялешка — хударлявая дзяўчына недзе з-пад Чырвонае Слабады. Ёсць у ёй нешта нетутэйшае, нешта не зусім ад вёскі і не зусім ад горада. Таня і апранаецца крыху інакш, як мы ўсе, вясковыя дзяўчаты (але і не так, як Рая Байцова і Роза Вальфсон), яна ўмее і сама штодня накручвае на паперкі валасы. I што самае дзіўнае — дзяўчаты, якія жывуць з Таняю ў адным пакоі, расказваюць, што яна атрымлівае пісьмы ад хлопцаў! А гэта ўжо недасягальнае… I яшчэ Таня не мінае ніводных танцаў, і з танцаў яе заўсёды таксама праводзяць хлопцы — са старэйшых курсаў.

Таня стараецца вучыцца. Яна кажа, што, як вывучыцца, абавязкова забярэ да сябе матку (матка яе, тэхнічка ў школе, жыве адна), каб даць ёй палёгку.

Мне Таня Мялешка падабаецца, і я хацела б сябраваць з ёю таксама. Але якая ёй цікавасць? У мяне ж няма ні хлопцаў, ні пісем… Пра што яна будзе са мною гаварыць? Пра алгебру ці геаметрыю? Тут, праўда, у нас з ёю аднолькавыя поспехі: ні я, ні яна, як толькі кантрольная, без шпаргалкі задачу не рошым.

Звычайна ў нас на кантрольнай адзін варыянт з Надзяй Вярбіцкай.

— Надзя… — шэпчам мы з Таняю Мялешка — адна з аднае, другая з другое парты. — Ты рашыла?

У Надзі Вярбіцкай на твары заўсёды салодкая ўсмешка.

— Не расіла, — пасміхаецца Надзя: яна не выгаворвае шыпячых.