Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 12
Алена Васілевіч
З першай стыпендыяй разлічылася!
Жыццё-быццё
Першы «Г» курс займаецца на трэцім паверсе. На трэцім паверсе займаюцца ўсе першыя курсы. I калі перад пачаткам заняткаў мы нясёмся ў свае аўдыторыі — з гэтае Калоніі заўсёды спазняешся, — чыгунныя лесвіцы, а разам з імі і ўвесь будынак вучылішча гудуць, як царкоўны звон.
Наш швейцар — з выгляду вельмі падобны на храстовага караля — заўсёды сарамаціць нас:
— Вы знаходзіцеся ў сценах навучальнай установы, — і, напэўна, успамінае тыя часы, калі ў гэтых сценах былі зусім іншыя парадкі: з’явіўся навучэнец без галёшаў ці без форменнага шыняля — і вон за дзверы!
Перапынкі мы звычайна праводзім на калідоры. На нашым паверсе сцены калідора ўпрыгожаны карцінамі ў цяжкіх рамах. Ад цьмянага асвятлення карціны таксама здаюцца цемнаватымі і таму, напэўна, такімі таямнічымі. Таямнічы магутны лес, хаціна на ўзлеску, жаночая постаць над лясной ручаінай… Нас, навічкоў, гэты жывапіс захапляе і інтрыгуе: хто ж ён быў, той мастак, што пакінуў нам, на захапленне, гэтыя свае творы? Кажуць, што ён таксама быў студэнтам, таксама вучыўся ў гэтых сценах і хадзіў па гэтых калідорах… А цяпер ён сам вучыць дзяцей недзе на вёсцы. Дзе ні пачуеш, у школах не хапае настаўнікаў.
На наш паверх, у час перапынкаў, нярэдка заходзяць хлопцы з трэцяга курса — вядомыя тэхнікумаўскія кавалеры. У іх на прымеце ўсе самыя прыгожыя першакурсніцы. I хоць не ўсе сярод нас самыя прыгожыя — аднак хлопцаў гэтых ведаем мы ўсе…
Забягае да нас сакратар камсамольскага камітэта Курбыка, шустры хлапец з ускудлачанымі валасамі. Яго дзяўчаты не цікавяць. Яго цікавіць, як ідзе ў нас сацыялістычнае спаборніцтва: паміж курсамі і паміж асобнымі студэнтамі. (Мы, вядома, спаборнічаем з Шурай Палявою.) Які курс узяў найбольш абавязкаў і які ідзе ў перадавіках. Абавязкаў нямала, і ў перадавікі выскачыць нялёгка. Па ўмове сацыялістычнага спаборніцтва трэба:
Добра вучыцца. Не спазняцца на заняткі. Мець добрую дысцыпліну. Дапамагаць адстаючым. Усім падпісацца на газеты. Абавязкова ўдзельнічаць у насценным друку. Ахапіць усіх студэнтаў гурткамі МОПРа, ГСО, ПВХО. Здаць нормы на значкі I і II ступені ГТО і ВС.
Дык якія тут дзяўчаты будуць у галаве сакратара камсамольскага камітэта?
Паважна абходзіць і знаёміцца з намі, першакурснікамі, рэдактар насценнай газеты выпускнік Алесь Кандыбовіч, з выгляду вельмі падобны на Маякоўскага. Гэтакі ж высокі, гэтакія ж раскіданыя на два бакі валасы і да таго ж — паэт таксама. Амаль у кожным нумары насценгазеты яго вершы, узнёслыя, патрыятычныя, баявыя.
Я Алеся Кандыбовіча ведаю: мы жывём у суседніх вёсках, і нам па дарозе хадзіць дадому. Мне ён некалькі разоў нават падносіў маю кашолку. Да таго ж Алесь Кандыбовіч вельмі часта праводзіць дадому маю суседку Валю Жаўрыд і заходзіць да нас у інтэрнат. Але я ўсё роўна яго саромеюся: падобны на Маякоўскага, піша вершы, праводзіць дзяўчат.
Алесь Кандыбовіч, як ён сам тлумачыць, хоча выявіць сярод нас літаратурныя таленты. Выяўляць-то ён выяўляе, але вершы друкаваць найбольш яму даводзіцца ўласныя. Нешта не відно сярод нас талентаў. (Я пра гэты свой «талент» тут, у педвучылішчы, дык саромеюся нават заікнуцца.)