Читать «Пачакай, затрымайся...» онлайн - страница 15
Алена Васілевіч
У гэты час па праходзе між партаў кіруецца Садоўнікаў. На яго поўным твары — летуценне і лянота адначасова.
— Бешкарышна, Гурновіч, шама рашай, шама… — у яго, наадварот, усе свісцячыя гукі шыпяць.
— Жмінда! — без усякай ужо надзеі шапчу я ў бок Вярбіцкай.
У гэты час з другога боку шэпча мне Роза Вальфсон:
— Ганька, ты рашыла задачу?
— Не яшчэ…
— А які ў цябе адказ у першым прыкладзе?
— Ноль цэлых і сем дзесятых…
— А ў мяне ноль і тры дзесятых…
— Ноль і тры?.. — І я хапаюся зноў за першы прыклад.
— Дзешач хвілін жасталошя… — глядзіць на гадзіннік Садоўнікаў. — Вальвшон, ты ўжо шпішала?
(У адрозненне ад астатніх выкладчыкаў Садоўнікаў заве ўсіх на «ты».)
— Не яшчэ… — не прыслухоўваецца да таго, што пытаецца выкладчык, Роза.
— Яшчэ не шпішала… I ты, Гурновіч, яшчэ не шпішала?..
— Я не спісваю… — Я стараюся глядзець на Садоўнікава невінаватымі вачыма, а сама ў гэты час хаваю шпаргалку пад «рызінку» на панчосе (нейкая добрая душа прыслала).
— До-о-обра… Ведаю я чабе. Хто рашыў кантрольную?
Надзя Вярбіцкая як апараная першая выхоплівае руку ўгору.
Садоўнікаў не глядзіць на яе.
— Я расіла, — не ўседзіць на месцы Вярбіцкая.
— Ідзі, ідзі, Вярбічкая, — усё гэтак жа не гледзячы на яе, махае на дзверы Садоўнікаў.
— Ты, Гірко, не рашыла яшчэ?
— Я яшчэ рашаю…
— Яшчэ не пашпела ўсім шпаргалкі напішаць? — спакойна цікавіцца Садоўнікаў. I праўда: Надзя Гірко памагае ўсяму свайму варыянту.
Надзя Вярбіцкая выносіць сваю салодзенькую ўсмешку за дзверы.
— Жмінда…
Гэта нікога не абурае. Усе мы даём спісваць адно аднаму, усе памагаем, калі хто чаго не ведае або не вывучыў. Соня Серада, напрыклад, тая есці не пойдзе ў сталоўку, а будзе разбіраць табе па клетачцы якога-небудзь анофелеса ці дажджавога чарвяка… Толькі скажы ёй. Яна ўсе гэтыя інфузорыі і туфелькі ведае лепш за самую Раманоўскую — нашу біялагічку.
Або Тоня Данілевіч. Між сабою мы завём яе Аляксандрам Македонскім. Яе сярод начы разбудзі і спытай — калі пачалася вайна Алай і Белай Ружы, дык яна табе не толькі год успомніць (хоць вучылі мы гэтую «Алую» І «Белую» ружы сто гадоў назад), а пералічыць яшчэ эканамічныя прычыны, раскажа, якія трафеі былі ўзяты… Або ўсе гэтыя рускія князі, розныя там Андрэі Багалюбскія, ці Юрыі Далгарукія, ці Усевалады Вялікія Гнёзды — пра іх Тоня расказвае так, нібыта ўсе яны былі яе родныя дзядзькі…
Нібыта яна гасціла ў іх.
Сама я пішу дыктоўкі без памылак. Удаюцца мне таксама і хатнія ўкладанні. Я магу іх пячы, як аладкі.
I сабе паспею і дзяўчатам напяку кожны раз. Лічыцца таксама за мною і вусная літаратура: галоўная тэма твора, яго ідэйная накіраванасць, сацыяльная характарыстыка вобразаў… Паспрабуй не ведаць гэтага ў Стычынскай! Яна ўсяму курсу (па алфавіце!) заляпіла па «калу» толькі за тое, што ніхто з нас не запомніў імя няні Таццяны Ларынай. («Другі раз будзеце чытаць уважліва»…)
Ну і шчасце мае наш Уладзімір Феафілавіч — гэтакую жоначку! — шкадуем мы свайго курсавога кіраўніка.
Вось яго дык мы любім! Яго лекцыі ў нас — як свята. На іх лёгка і радасна. I ён не толькі вучыць нас — ён яшчэ і выхоўвае. I не дзіўна, што хлопцы нашы непрыкметна пераймаюць і яго гаворку і нават хаду. А дзяўчатам таксама хочацца быць і лепшымі і прыгажэйшымі перад Уладзімірам Феафілавічам.