Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 131

Валерый Гапееў

— Цікава, які абрад такі? Хто ладзіў? Нешта сур’ёзнае? Хто там галоўны?

На гэты раз я канчаткова зразумеў мэту сустрэчы са мной гэтага Рамана — чаму яму трэба было абавязкова пабачыцца са мной, а не зрабіць кароткі афіцыйны запыт: ён хоча ведаць не столькі пра ход расследавання і яго вынік, колькі пра маё разумение сітуацыі, адносіны да справы. І другая мэта, канешне, — дзіця Насці.

— Дачнікам іншы раз няма чаго рабіць, вось яны і ладзяць то Купалле, то Дзяды, то нейкага Куста.

Я стараўся гаварыць максімальна пераканаўча, абыякава. Дакладна я не мог бы цяпер адказаць нават самому сабе, навошта мне было хавацца ад прадстаўніка генпракуратуры, чаму сваё першае памкненне распавесці яму пра ўсе мае сумненні я замяніў на цалкам адваротнае? Можа, таму, што я сам пакуль не мог вызначыцца: як я стаўлюся да таго Цмока? Таму, што не зразумеў яшчэ да канца імкненняў пэўнай часткі людзей нешта змяніць у жыцці? Так, я яшчэ не вызначыўся сам. Я сам не зразумеў. А яму, гэтаму Раману, трэба дзіця. І таму пакуль. пакуль мае сумненні павінны застацца са мной. Толькі са мной. Каб пасля не шкадаваць.

— Дык якім чынам загінула Насця?

Раман пытаўся, як і перад гэтым, хутка, прафесійна, і не пераставаў сачыць за выразам майго твару. Не, хлопча, я хоць і правінцыяльны следчы, але ж таксама навучаны…

— Смерць, хутчэй за ўсё, вынік няшчаснага выпадку. Адзін фермер прызнаўся, што ў тую ноч ля старой коннай грабалкі ён бачыў дзве аголеныя постаці — мужчыну і жанчыну. Відавочна, любошчы пад месячыкам. У грабалкі быў ненадзейны рычаг фіксацыі зубоў. Форма, даўжыня зуба суадносяцца з той ранай, якая была зафіксавана на целе трупа.

— Значыць, няшчасны выпадак? — на гэты раз задумліва спытаў Раман.

— Мы прыйшлі да такой высновы, — згодна кіўнуў я галавой. — Можна, канешне, фантазіраваць наконт наўмысных дзеянняў таго ж Дылько, але не мае сэнсу, тым больш ён мёртвы. Ды і той факт, што ён сам рабіў труну для памерлага дзіцяці, вёз патаемна яго на могілкі, кажуць на карысць менавіта няшчаснага выпадку…

Дзіўна, але мне і самому ў той момант такая версія падалася вельмі рэальнай. А чаму б такому і не быць? Можа, у Насці з такой выбуховай нечаканасцю абудзілася звычайная жанчына, што яна стала прагнуць пяшчоты і ласкі ад мужчыны кожную хвіліну, не зважаючы на нядаўнія роды?

— Зразумела, дзякуй, — Раман хутка падаў мне руку, коратка паціснуў, азірнуўся і махнуў рукой.

Я пабачыў той самы аўтамабіль, які стаяў ля пракуратуры, метраў за пяцьдзясят ад нас. Ён газануў і з лёгкім шумам колаў наблізіўся.

— Выбачайце за пературбацыю. Калі трэба будзе — званіце без аніякіх там, — казаў Раман, а сам усё вывучаў мае вочы. — Нам вядома, вашаму пракурору хутка на пенсію, іншы раз у такіх выпадках здараецца гэтакі мяккі, добразычлівы ціск на следства…

— Ды не, пакуль непаразуменняў не было, — пастараўся запэўніць я Рамана.