Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 133

Валерый Гапееў

— Бо наліваеш патроху ў такім выпадку!

— Затое часта! Тактыка ў мяне такая.

— Маўчы, тактык, — Сяргей спыніў нашу гульню, пасур’ёзнеў, узяў кілішак з каньяком. — Ваша здароўе! — Выпіў, закінуў у рот кавалак шакаладкі, пражаваў і стаў тлумачыць: — Давай па справе, мне ўставаць рана. Запамінай. Матэрыял — фтарапласт. Вельмі каштоўны тым, што хімічна ўстойлівы — раз. Два — не электрызуецца. Не зношваецца, хоць на выгляд і мяккі. У механізмах невялікіх і дакладных, у робататэхніцы, скажам, прымяняецца вельмі шырока: падшыпнікі, калёсікі, іншае. Дэталі з яго не дэфармуюцца. Першы раз я з ім пазнаёміўся на вытворчасці мікрасхем. Там яго вельмі шмат дзе. Што да бірулькі, дык яна велікаватая, каб быць зробленай з нейкай дэталі. Хутчэй за ўсё, рабілі непасрэдна з кавалка. Значыць, на заводзе па вытворчасці фтарапласту. У нас у краіне такіх няма, наколькі я ведаю. Але ёсць участкі па вытворчасці дэталяў з яго для патрэб той жа электроннай прамысловасці. Якасць работы. — Сяргей зноў узяў у рукі бірульку, стаў тлумачыць, кранаючы мезенцам асобныя месцы дракончыка: — Вялікія рэзы зроблены ўпэўнена, за раз ці два. Дробныя дэталі выкананы касым разаком, глыбока, упэўнена… Карацей, рабіў майстар-рэзчык па дрэве, тут няма пытанняў.

— Значыць, трэба шукаць майстра, які працуе на заводзе па вытворчасці дэталей з фтарапласту?

— Самы лёгкі варыянт, — уздыхнуў Сяргей. — А мог такі майстар быць суседам таго, хто працуе.

— Як думаеш, адзіная зробленая рэч?

— Наўрад, — Сяргей яшчэ раз уважліва агледзеў бірульку. — Ведаеш, глыбокія рэзы, дакладныя і ўпэўненыя. Не, яна не першая ў рэзчыка.

— Дзякуй.

Мы пасядзелі з паўгадзіны, Сяргей заспяшаўся спаць.

На вуліцы была ноч, праз адчыненае на верандзе вакно неслася стракатанне цвыркуноў. Надзея сядзела задуменная ў крэсле, не спяшалася прыбіраць са століка.

— Навошта ты так? — з крыўдай у голасе спытала яна.

— Што — навошта? — быццам не зразумеў, перапытаў я, але ў той жа момант вырашыў, што прыкідвацца нельга, гэта можа пакрыўдзіць да глыбіні душы жанчыну, і прызнаўся: — Ну, я і праўда хацеў спытаць. Сёння я зрабіў адзін крок. супраць сябе ранейшага, супраць свайго цячэння. Зрабіў вось гадзіну таму другі. Хачу зрабіць і трэці.

— Хочаш паспрабаваць пажыць разам? — напружана спытала Надзея.

— Не, — рэзка адказаў я, выпрастаўся, а пасля і падняўся з крэсла, стаў насупраць Надзеі: — Хачу, каб ты была маёй жонкай. Хачу, каб нарадзіла мне дзіця. Хачу, каб ты была гаспадыняй у нашым доме. Але ў мяне ёсць адна ўмова.

— Якая? — здзіўлена насцярожылася яна, пэўна, яшчэ не ўсведамляючы ўсё пачутае.

— Я не хачу быць прымаком.

— Дурны ты. У мяне стары дом, зусім стары. У ім холадна зімой. Ён маленькі. Давай пабудуем новы.

— Ты згодна?

Я апусціўся перад Надзеяй, схаваў твар у яе голыя калені, чакаў дотыку яе рукі на сваёй галаве. Яна і праўда паклала свае далоні мне на патыліцу, пачала перабіраць пальцамі валасы. З хвіліну мы маўчалі.

— У тую навальнічную ноч… Я не думала, што ў нас нешта атрымаецца. І не брала таблетак. А быў той самы час…