Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 129
Валерый Гапееў
Пакуль я ішоў сюды, паспеў супакоіцца. Быў зараз больш заінтрыгаваны, чым узрушаны.
— Выдатна. Прабачце за турботы ў непрацоўны час, але справа амаль прыватная, — пачаў Раман.
— Няма праблем, — адказаў я.
— Смерць жанчыны па справе, якую вы расследуеце, як вы разумееце, выклікала немалы рэзананс у СМІ, самі ж разумееце — кідаюцца ўсе на смажанае. А тут яшчэ чуткі пра нетрадыцыйную сексуальную арыентацыю. Чыталі ж?
Мы ішлі па тратуары, які быў выкладзены невялікімі бетоннымі квадратамі, якія ад часу і маразоў месцамі пакрышыліся. Надыходзіла шарая гадзіна, даводзілася ступаць асцярожна, каб не спатыкнуцца на якую калдобіну.
— Чытаў, канешне, — адказаў я Раману. — Мусіў. Мы самі рыхтавалі кароткае паведамленне для мясцовых СМІ, але ж у журналістаў і свае каналы, і свае думкі. Іншы раз і яны нешта такое адкапаюць…
— Добра. — Раман зірнуў на мяне, быццам хацеў праверыць, ці можна было мне давяраць нейкія асаблівыя тайны. — Вы закончылі расследаванне? Ёсць пэўныя акалічнасці, па якіх справах зацікавіліся на ўзроўні, значна вышэйшым за ваш раённы.
Мы дайшлі да царквы, цяпер тут было пуста і нават вусцішна: чорныя купалы яе быццам нараджалі шэрань, якая скочвалася ўніз, распаўзалася і гусцела.
— Амаль закончыў, — кіўнуў я. — Курыце?
— Закурым, — пагадзіўся Раман.
Я прыпальваў і адчуваў, як ад хвалявання трапечуцца жылкі ў мяне на скронях. Вось ён, мой шанец! Цяпер выкласці ўсе вядомыя мне факты і сумненні. І заўтра будзе дастаткова адзінага званка адтуль — і Тамара нікуды не дзенецца, будзе генетычная экспертыза! І будзе мне дазвол і час на пошукі сведкаў смерці Насці, бо не бывае так, не можа так быць, каб ніхто нічога не бачыў, не чуў. Яшчэ раз усіх апытаць! Яшчэ раз прааналізаваць званкі і месцы знаходжання кожнага з жыхароў Ляўдка. Абсалютна не распрацаваны той мёртвы паэт Дылько: хто яго сябры, чым займаўся, дзе знаёмыя? Няпраўда, адшукаецца яшчэ нітачка. І Тамары крыўдаваць не будзе чаго: я ж не скаргу напісаў, не данос — я падзяліўся сваімі сумненнямі з чалавекам, якога цікавіць следства. З такім, з якім можна і трэба дзяліцца, бо намеснік генпракурора вышэй усё ж за пракурора раённага. Толькі што за акалічнасці? Спытаць? Але ж не скажа, калі адразу не сказаў, тут сумнявацца не варта, хай сабе пра раённы ўзровень прагучала ў яго словах пагарда ледзь улоўная, ды то было сігналам для мяне: не пытайся больш, чым табе сказалі.
— І якія высновы? — Раман зацягнуўся, выпусціў дым і стаў пільна глядзець на мяне.
Гэты позірк мяне непрыемна насцярожыў. Ён не проста глядзеў, ён быццам вывучаў мой твар. Раптам узнікла перакананне, што ён і слухаць уважліва не будзе, а будзе адсочваць мае пачуцці, якія павінны адлюстравацца на твары, аналізаваць іх, рабіць нейкія высновы.
— Выпадак насамрэч незвычайны. Ціхая вёсачка, забітая — маладая жанчына, вядомая яшчэ і нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй. Мёртвай яе знайшлі на суседнім з яе домам агародзе, цалкам аголенай, — пачаў я, адцягваючы для сябе момант, з якога мне трэба было зрабіць выбар.