Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 132

Валерый Гапееў

— Дзякуй за размову! Будзем чакаць ад вас паведамленняў, як знойдзеце нешта незвычайнае ці ўзнікнуць пытанні і складанасці.

Я не мог не адзначыць для сябе яшчэ адзін прафесійны штрых: аўтамабіль спыніўся на некалькі крокаў наперадзе, і, такім чынам, калі гэты Раман сядаў у машыну, я не пабачыў нічога ў салоне. Той факт, што мужчына сеў на задняе сядзенне, таксама нешта казаў.

Я вяртаўся прыцемкамі. Квола ўздрыгнуў тэлефон у кішэні. Дастаў, паглядзеў: Надзея тэлефанавала і тут жа выключылася. Не стаў перазвоньваць — вунь ужо бачны дом.

Яна сустрэла мяне ў веснічках, зазірнула ў вочы.

— Усё добра, — бадзёра ўсміхнуўся я. — Ідзём да мяне!

Мы зайшлі ў дом, і я паўтарыў усхвалявана-радасна:

— Усё добра! — прыгнуўся, абхапіў Надзею пад каленямі ў нечаканай хвалі пяшчоты, падняў на рукі.

— Дурны! Я ж табе не дзяўчынка, надарвешся! — запляскала яна далонямі па маіх плячах. Потым заціхла, я паволі апусціў яе, рукі слізгалі па пяшчотнай скуры яе ног.

— Сяргей твой яшчэ не спіць?

— Не, чытае. Але хутка будзе класціся, заўтра зноў збіраецца на рыбу: у яго яшчэ два дні вольныя, хоча паспець.

— Пакліч яго. І дай мне потым, калі ласка, свой тэлефон. Зраблю адзін званок.

Надзея ні пра што не пыталася. Пазваніла і прамовіла:

— Брацік, падыдзі да Васіля. ты патрэбны.

Адключылася, працягнула мабільнік мне. Я пагартаў свой даведнік, набраў нумар на Надзеіным тэлефоне.

Федарук доўга не адказваў, я зрабіў выклік яшчэ раз. Не дзіўна — незнаёмы для яго нумар. Нарэшце пачулася яго насцярожанае:

— Алё, слухаю. Хто мяне турбуе?

— Гэта следчы пракуратуры Васіль Шайбак, — прадставіўся я. — Выбачайце, не са свайго тэлефона. Я хацеў вам паведаміць: справа будзе закрыта.

— Дзякуй, — адказаў ён, і я міжволі ўсміхнуўся, уявіўшы яго ў гэты момант — настолькі разгублена прагучаў адказ.

— Жывіце спакойна, Алесь Тарасавіч, — працягнуў я. — Адно папрашу вас: калі вы заўважыце нешта істотнае для сябе ў плане, скажам так, бяспекі вашай сям’і, то патэлефануйце мне. Абавязкова патэлефануйце. І менавіта на гэты нумар. Дамовіліся? І яшчэ: я вас буду турбаваць час ад часу пытаннямі, ці ўсё добра. Абяцаеце мне адказваць шчыра і падрабязна?

— Так-так, канешне, — спешна згадзіўся Федарук, і я адключыўся.

— Кавы згатую? — ціха спыталася Надзея.

— Ага. На траіх. І каньяк будзем, ага?

— Ага, — пераадольваючы напружанне, усміхнулася яна, пайшла ставіць чайнік.

Сяргей пакруціў пластмасавага дракончыка ў руках колькі секунд, паклаў на стол.

— Што цікавіць следапыта?

— Што можаш путное прыдумаць, тое і цікавіць, — адказаў я і адкаркаваў бутэльку. — Мне трэба знайсці майстра. Абавязкова.

— З якога перапуду гуляем у такі час? Мне заўтра ўставаць на досвітку, — Сяргей кіўнуў незадаволена на бутэльку.

— Значыць, не ўставаць, — адказаў я. — Ты ж самы блізкі з радні Надзеі, вось і хачу ў цябе папрасіць дазволу на шлюб з ёй, — роблена ўрачыста, дурасліва назваў я прычыну.

— Ды ну? — хмыкнуў Сяргей, потым азірнуўся на Надзею: — Калі ён праўда табе нешта прапаноўваў, дык гані яго!

— Гэта чаму? — пагрозліва наблізіўся я да Сяргея, прыўзняўшы вышэй бутэльку.