Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 130

Валерый Гапееў

— Сапраўдная завязка для трылера, — згадзіўся Раман. Ён глядзеў мне ў вочы. Пільна. Прафесійным позіркам. Ён казаў, усміхаўся куточкамі вуснаў, а вочы яго заставаліся засяроджанымі, яны нібыта падпарадкоўваліся іншай задачы, жылі асобна.

— Вывучэнне асабістай перапіскі Насці ў сацыяльных сетках нічога істотнага не дало, каб патлумачыць хаця б яе цяжарнасць, — працягнуў я. — У мяне ўзнікла версія выканання Насцяй ролі сурагатнай маці і канфлікту з заказчыкамі ў канцы, але тут у аварыю трапіў і разбіўся насмерць адзін дачнік (вёсачка стала дачным пасёлкам). Пры ім у машыне знайшлі труп дзіцяці ў маленькай, адмыслова зробленай труне…

— Насця нарадзіла за некалькі дзён да смерці? І пра дзіця ніхто не ведаў?

— Ляўдок — вёска з некалькіх хат, сваіх жыхароў там засталіся адзінкі. Насця з бацькам, які лічыўся раней знахарам-ведзьмаком, жылі адасоблена ад іншых, — патлумачыў я.

І тут віхурай узняліся думкі, якіх я ніяк не чакаў. Смерць праз некалькі дзён пасля родаў. Ці не гэта мела на ўвазе Тамара, калі даводзіла мне, што я даведаюся больш пра жанчын, калі аднойчы народзіць мая некалішняя жонка? Правільна, то ці не адзінае, з чым я не сутыкаўся яшчэ ў жыцці! Замільгацелі бачаныя дзесьці раней кадры нараджэння, успомніліся словы загадчыцы радзільнага аддзялення: «Невялікія разрывы яшчэ не зажылі». Вось жа! Роды для жанчын — траўма, наймацнейшы боль. Пра які секс, якія любошчы можа ісці гаворка праз лічаныя дні пасля родаў? Значыць… Сведчанне Падлужнага пра нейкія дзве аголеныя постаці пад дубам — брахня! Але і першая яго версія пра тое, быццам Насця абярнулася ў ласачку — таксама брахня, бо не да такіх жартачак парадзісе, нават калі і дапусціць, што яна магла такое рабіць. І значыць, Насця загінула неяк па-іншаму! Дык Тамара дакладна гэта зразумела? Але чаму вырашыла закрываць справу? Чаго яна спужалася? Пра нешта здагадвалася, ці ёй падказвала яе жаночая інтуіцыя: справа — далёка не просты крымінал? Федарук казаў: калі ёсць тыя, хто верыць у Цмока і жадае яго нараджэння, ёсць і тыя, якія таксама вераць, але супрацьстаяць гэтаму. Бірулька… «Паляўнічы на Цмока», які знік, бы пад ваду сышоў. Усё гэта пранеслася ў галаве адной кароткай асляпляльнай маланкай.

 — І да чаго вы прыйшлі? — нагадаў пра сябе Раман.

Чаму мне так не падабаецца яго пранізлівы позірк? Ён хоча злавіць мяне на хлусні?

— Справу будзем закрываць, — нечакана для сябе цвёрда вымавіў я і адчуў абсалютную ўпэўненасць у тым, што гаварыў. — Відавочна, Насця зацяжарыла ад Дылько. Хутчэй за ўсё, яна паспрабавала стаць нармальнай жанчынай, цераз сілу згадзіўшыся на секс з мужчынам і нараджэнне дзіцяці. На жаль, не праверым, але ўскосна ўсё пацвярджаецца мёртвым дзіцем, якое вёз на могілкі гэты самы паэт.

— Дзіця дакладна тое, якое нарадзіла Насця Грыцук?

Пытанне было хуткім. Яно — галоўнае з таго, што хоча ведаць гэты Раман, зразумеў я. Бо я таксама следчы. Мяне таксама нечаму вучылі. Я не люблю, калі са мной гуляюць. Калі мяне скарыстоўваюць. Калі ад мяне нешта хаваюць.

— Больш няма якому быць, — паціснуў я плячыма, даючы зразумець субяседніку, што ў мяне няма ніякіх сумненняў на гэты конт. — Восенню мінулага года ў Ляўдку ладзіўся нейкі стары абрад. Там Насцю Грыцук ажанілі з гэтым паэтам.