Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 128
Валерый Гапееў
Я дапіў каву, паставіў кубак, пацягнуўся па цыгарэты.
— Курыш многа, — заўважыла з абвінавачваннем Надзея. — Нельга так — адну за другой, здароўе не купленае.
Я не зазлаваў. Яна мела рацыю, а да ўсяго, мне быў прыемны яшчэ і вось такі клопат. Таму не прыкурыў.
— Што задумаўся? — зазірнула мне ў вочы Надзея. — Гэткі ў цябе выгляд.
— Які?
— Разгублены нейкі. Стаміўся вельмі? Ідзі, апаласніся ды паляжы. Пачытай.
— Ведаеш, Надзюшка. — я ўзяў Надзеіну руку ў сваю, пагладжваў пальцы. — Яшчэ два месяцы таму я і ўявіць не мог, як буду казаць некалі такое іншаму чалавеку. Усё было такім звычайным, спакойным, зразумелым. А цяпер я нібыта стаю на вялікім раздарожжы. І мне трэба выбіраць. Мне сапраўды трэба выбіраць, і я разумею, наколькі важны для мяне гэты выбар.
— Тады выбірай, — ціха параіла Надзея. — Любы асэнсаваны выбар — лепш, чым плыць па цячэнні.
— Так, плыць ужо не атрымаецца.
Я сапраўды думаў над нечакана асэнсаваным раздарожжам. Мне можна было цяпер забыцца на справу, закрыўшы яе, як настойвае Тамара. Можна насуперак ёй адшукаць жонку Федарука і дзіця Насці Грыцук, дабіцца генетычнай экспертызы і адабраць дзіця. І вось цяпер гэты Валянцін і бірулька. А калі яны — нейкая нітачка? Сапраўдная, самая сур’ёзная з усіх?
Ажыў мой тэлефон, я зірнуў — нумар быў не знаёмы. Мільганула думка не адказваць, быццам я прадчуваў нешта нядобрае, але націснуў на кнопку.
— Слухаю.
— Добры вечар! Васіль Шайбак, следчы пракуратуры раёна?
— Так. Хто мяне турбуе?
— З генеральнай пракуратуры. Мяне завуць Раман. Ці можна з вамі сустрэцца і пагаварыць? Размова не зойме многа часу.
— Канешне, можна, — заспяшаўся я, адчуваючы непрыемнае сцісканне ў жываце. Што трэба ад мяне генеральнай пракуратуры?
— Калі вы не супраць, то можна сустрэцца зараз. Мы тут праездам, а паразмаўляць хацелася б асабіста. Мы можам пад’ехаць. Дзе вы жывяце?
— А дзе вы зараз? — змог спытаць я.
— Каля вашай пракуратуры.
— То я падыду праз дзесяць хвілін.
— Выдатна, мы чакаем.
Я застыў у разгубленасці.
— Нешта здарылася? — устрывожылася Надзея, углядаючыся ў мой твар.
— Ды як быццам нічога, — супакоіў я яе і самога сябе. — Мне трэба прайсціся да пракуратуры. Там мяне чакаюць. Думаю, размова хвілін на дзесяць. З генпракуратуры. — дадаў я, пабачыўшы, як не на жарт устрывожылася Надзея.
— Я буду чакаць.
— Я нідзе не затрымаюся.
Калі я наблізіўся да пракуратуры, з аўтамабіля, які стаяў ля будынка, выйшаў мужчына, на выгляд — амаль майго ўзросту ці крыху старэйшы за мяне. Апрануты ў джынсы і кашулю з кароткімі рукавамі, ён ніяк не ўдаваў чыноўнікам высокага рангу. Ні вусоў, ні барады на твары, падстрыжаны амаль пад нуль, трохі вышэй сярэдняга росту і спартыўнага целаскладу. Гэткі мацак.
— Васіль? — сустрэў ён мяне пытаннем. Пабачыў мой згодны ківок, дастаў з кішэні кашулі пасведчанне, разгарнуў і паказаў мне: — Гэта я вам званіў. У мяне крыху далікатная справа. Можа пройдземся?
— Калі ласка, — адказаў я. — Можна вось вуліцай — да царквы і назад. Тут ціха зусім.