Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 127
Валерый Гапееў
— Ага. Куры і звані. Кава хутка.
Прысеў на лавачку ля хаты, дастаў з кішэні аркушы з раздрукоўкай тэлефонных званкоў Ганны Латышонак. Акуратна выкрэсліваў тыя, які не падыходзілі ніяк. Патрэбны нумар — з дзвюма лічбамі «4» — быў толькі адзін. Па часе супадала — вясна-лета мінулага года.
Я захваляваўся. Не разумеў, чаму так адбылося, таму зазлаваў на сябе. Гэты званок мог нешта прынцыпова змяніць? Няўжо трэба ўсур’ёз думаць аб дачыненні невядомага «паляўнічага на Цмока» да смерці Насці?
Закурыў, набраўшы нумар, зрабіў некалькі зацяжак і толькі тады націснуў выклік.
Насуперак маім думкам пра тое, што пачую механічны голас пра абанента, які знаходзіцца па-за межам дзеяння сеткі, пайшоў выклік, другі і малады мужчынскі адказаў:
— Алё, слухаю!
— Добры вечар, — я павітаўся як мог бестурботна. — Валянцін?
— Хто пытае?
— Ды знаёмы.
— Які знаёмы? Такіх многа!
— Дык гэта Валянцін?
— Ну, Валянцін, Валянцін. Кажы, хто ты такі?
І тут я зразумеў: зрабіў глупства. Мне трэба было дачакацца заўтрашняга дня, «прабіць» патрэбны мне тэлефон, пасля сабраць усю адпаведную інфармацыю пра абанента. Але ж я не ўпэўнены, што невядомы мне Валянцін згубіў свайго дракончыка падчас злачынства! Яшчэ была магчымасць выйсці з сітуацыі без турбот: назваць сябе якім чужым імем, урэшце спісаць усё на памылкова набраны нумар. А заўтра рабіць усё як след. Але я, насуперак гэтым кволым думкам, пайшоў, што называецца, ва-банк:
— З вамі размаўляе следчы пракуратуры Васіль Шайбак. Мне неабходна задаць вам некалькі пытанняў у сувязі з адной крымінальнай справай, якую я расследую, — афіцыйна паведаміў я.
— …Тваю! — нечакана прасіпеў мацюком мой суразмоўца, пасля я пачуў прыглушанае (мабыць, мікрафон прыкрылі рукой) пытанне: — Прабілі? Васіль Шайбак? — і пасля доўгай паўзы голасна, з прыкрым расчараваннем мужчына павітаўся са мной: — Здароў быў, калега!
— Не разумею. — збянтэжыўся ад нечаканасці я.
— Следчы райаддзела Горбач. Вяду праверку па заяве адной грамадзянкі па факце знікнення ў невядомым кірунку яе кватаранта, далёкага адзінага родзіча нібыта Валянціна Манько.
— Нібыта?
— Так. Гэты Валянцін жыў паўгода ў сваёй стрыечнай цёткі, як яна патлумачыла. «Пляменнік» прыехаў, папрасіўся пажыць, абяцаў добра плаціць. Яе сястра жыла ў вёсцы на Віцебшчыне, памерла больш за дзесяць гадоў таму. Цётка ад таго часу не бачыла пляменніка. У яе свой дом, некалькі пакояў, пусціла пажыць. «Пляменнік» тым вечарам пайшоў, па яго словах, да банкамата па грошы і не вярнуўся. Рэчы, тэлефон засталіся на кватэры. Дакументаў ніякіх. Сапраўдны Валянцін Манько ў бацькоўскім доме. Правяраем.
Надзея прынесла каву, паставіла кубак побач са мной, пайшла.
— Сітуацыя, — уздыхнуў я ў тэлефон. — Мне б таксама з ім хацелася пагаварыць, з гэтым «пляменнікам».
— Сур’ёзнае нешта? — больш для ветлівасці пацікавіўся Горбач.
— Пакуль і не ведаю, — самому сабе прызнаўся я. — А па «пальчыках» не спрабавалі выйсці?
— Ды ніводнага ў доме цёткі, вось дзе дзіва. Нават на яго тэлефоне. Ну, поспехаў!
Сонца зайшло. Аднекуль пацягнула холадам, я пацепнуў плячыма, узяў у абедзве рукі гарачы кубак з кавай. Выйшла Надзея, прысела побач, прытулілася. Мы маўчалі.