Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 125
Валерый Гапееў
— Што ты да культуры прычапілася? — паспрабаваў аджартавацца я, бо словы Надзеі сталі нечаканым і не самым прыемным адкрыццём для мяне. Неяк не думаў я раней вось так пра дзяржаўнае кіраванне, што ўсё — ад людзей, а людзі — розныя.
— Культура вызначае нацыю, народ… — мякка працягвала тлумачыць Надзея.
— Не будзе гэтай культуры, будзе іншая.
— Не будзе ніякай, калі сваю вынішчыць. Культура па загадах не з’яўляецца. І тады знікне народ.
— А якая ў прынцыпе розніца, кім мне тут звацца? Беларусам, бамбаросам, бульбарусым? — Я разгарачыўся, гаварыў гучна і не спыніўся, калі на кухню зайшоў Сяргей.
— Слушнае пытанне, — ён прысеў побач, узяў мой відэлец, начапіў пельменіну і акуратна зняў яе зубамі. Пракаўтнуў, пражаваўшы, працягнуў: — На яго няма чаго адказаць таму чалавеку, які такое пытанне задае. Тады ты сабе і стой убаку. Адно хоць не перашкаджай. Ты вось яшчэ зразумей і прымі: Надзея такая, якая ёсць, у яе гэты боль не адняць, ён з ёй будзе. Як і нос птушынай дзюбай. Калі яна табе мілая з такім носам, то прымі і з такім болем.
— Сяргей. Не трэба. Усе людзі розныя, — ціха прамовіла Надзея.
Мне захацелася пакрыўдзіцца: чым я магу перашкаджаць і каму? Але стрываў, пастараўся не прыдаваць значэння пачутаму: надта ж засмучанай выглядала Надзея, калі казала апошнія словы.
— Надзюш. Не крыўдуй на мяне, калі ласка, — павініўся я сам. — Зразумей: мяне вучылі сцерагчы законы, а не распавядалі пра значнасць культуры. Вельмі смачныя пельмені.
— Смачныя, пацвярджаю, — кіўнуў Сяргей, адправіў у рот яшчэ адну пельменіну, устаў і пайшоў да парога. — Не крыўдзі мне сястру, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз прыгразіў.
— Ды я не крыўдую, — Надзея працягнула руку цераз стол, кранула далонню маю галаву, злёгку ўзвіхурыла валасы. — Помніш гісторыю? Варвары захапілі Рым. Але іх культура была настолькі слабой і неразвітай, а культура рымлян такой моцнай, што праз некаторы час варвары зніклі — а з’явіліся новыя рымляне. Можна заваяваць краіну, але нельга заваяваць народ. Ён проста можа знікнуць, калі яго культура растане ў іншай. Прабач, я табе так кажу, бы вучню… А пельмені звычайныя, то я ў іх мяса паклала сапраўднае.
— Вунь як! Я і ёсць вучань.
— Ну, тады яшчэ адзін факт майму вучню, — усміхнулася Надзея. — У краінах, дзе нацыянальная палітыка — адна з галоўных у дзяржаве, і жыць добра. Скандынаўскія краіны, напрыклад.