Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 124

Валерый Гапееў

У чым сэнс гэтых незразумелых змаганняў з сістэмай? Няўжо нельга проста жыць? Проста выконваць добрасумленна сваю справу, атрымліваць заробленыя грошы, уладкоўваць свой куток, засынаць з чыстым сумленнем, не баяцца начных тэлефонных званкоў і, галоўнае, не мучыць сябе пустымі і дарэмнымі пытаннямі, не ствараць сабе праблем? Няўжо не бачна, што сістэма мае свае законы развіцця, дзяржава ўрэшце рухаецца некуды…

Я задаваў апошнія пытанні Надзеі, калі яна, трохі знерваваная чаканнем, варыла мне пельмені, якія сама ляпіла. Выйшла насустрач мне (мабыць, сачыла праз акно), загадала ісці да яе вячэраць.

Дзяліўся з ёй сваімі думкамі пра гэтыя плыні, якія цяклі ў маім уяўленні, і мне хацелася, далібог, пачуць ад яе: я думаю правільна, трэба проста жыць, а не займацца выратаваннем нацыі і народа. І адначасова з тым я адчуваў, як уся мая перакананасць трымаецца адно на маім жаданні не жыць, а менавіта плыць — куды вынясе, у спакоі і без асаблівых турбот, а калі тыя надарацца, дык каб толькі прафесійныя, каб ільга было пакідаць іх у сваім кабінеце, зачыняць у пяць гадзін вечара на ключ — і да самага ранку. Так, я ніколькі не адмаўляўся ад сваёй перакананасці ў абавязковым знаходжанні кожнага на сваім месцы, але ж вось у чым была праблема: і Надзея быццам на сваім месцы, і Федарук, і акушэрка Русецкая, і Насця была пры справе, і кожны робіць сваё як можа і ўмее, але іх, у адрозненне ад мяне, яшчэ цікавяць рэчы па-за межамі іх прафесійных заняткаў, хатніх і асабістых турбот. Хвалюе тое, што быццам хваляваць не павінна. Яны могуць аддаваць гэтаму частку свайго жыцця. Таму я ўсім ім прайграю. Быццам у мяне нечага не хапае, у нечым значным я бяднейшы за іх. І мне крышку сорамна. А раптам я сапраўды не маю рацыі, то і мая справа — заўтра маёй краінай, яе людзей, гістарычнага мінулага?

— Еш.

Надзея прысела насупраць, падперла рукой шчаку, глядзела з сумам і замілаваннем.

— Цяжка мне табе патлумачыць, — уздыхнула яна. — То і не буду гэтага рабіць. Калі сам пачаў задаваць сабе пытанні — знойдзеш адказы. Адно скажу, і не будзем больш на гэтую тэму, добра? Дык вось. Ты пра дзяржаву кажаш так, быццам тое нейкая адмысловая сістэма, якая не падлягае крытыцы. А ведаеш, я табе параю: разбяры па элементах дзяржаву, гэтую сістэму. І пабачыш: уся яна складаецца з людзей. Самых звычайных людзей. Больш за тое, нехта туды трапляе зусім выпадкова. Памятаеш, старажытныя грэкі казалі пра ідэальнае грамадства, у якім кіраваць павінны вучоныя? Ведаеш чаму? Таму адказваць, напрыклад, за культуру краіны можа толькі той чалавек, які ведае не толькі сваю культуру, але і суседнія, і чужыя, далёкія. Вучоны разумее выключную значнасць культуры для развіцця грамадства. А калі прыйшоў той, для каго помнік драўлянага дойлідства — усяго толькі старая царква, якая не мае ніякай карысці, далягляд псуе, вока мазоліць? Такі кіраўнік закамандуе тую царкву знесці ды пабудаваць новую з сучасных матэрыялаў па сучасным праекце, каб прыгожа (у яго разуменні)! Катастрофа для культуры краіны. І так ва ўсім. У сімволіцы, мове, літаратуры. У адукацыю прыходзіць выпадковы чалавек — і вось панесліся эксперыменты: то дзесяць, то дванаццаць, то адзінаццаць гадоў навучання ў школе, то экзамены, то тэсты. Вось падручнікі перапісваюцца найперш па гісторыі, пасля — па літаратуры, вось ужо родная мова літаральна знікае са школ, вось вывучаюць яе па гадзінах столькі ж, колькі замежную. Дык як і каму іх спыніць? Знаеш, як баліць таму ж вучонаму, калі ён бачыць бездань, у якую коціцца краіна, а нічога зрабіць не можа?