Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 123
Валерый Гапееў
Чаму і як ён там апынуўся? Пачнём з самага бяскрыўднага. Найбольш верагодна: той хлопец займеў нейкія стасункі з Насцяй. Прыязджаў да яе. Тым больш, як казала Ганна, яна паказвала яму старонку Насці ў сацсетках. Можа, запаў. А тут яшчэ мужчынскае самалюбства закалола тылам у адным месцы: падумаеш, лесбіянка — не бачыла сапраўдных мужыкоў! Ёсць жа ў нас такое перакананне: жанчыны таму кахаюць жанчын, што мужыкоў, вартых кахання, не сустракаюць. Іншы варыянт: той Валянцін мог падарыць-перадаць свайго дракончыка іншай жанчыне. Яшчэ: падобная бірулька не адна была зроблена. Карацей, цалкам усё можа быць бяскрыўдным. Ці зусім не бяскрыўдным. Калі гэты дракончык — яго, і ён насамрэч яго згубіў тут.
Думкі млява чапляліся адна за другую, выцягваліся са свядомасці на паверхню той самай плыні. Я чакаў, пакуль яны распаўзуцца сярод многіх іншых, паверхня стане вольнай, бяспечнай і бесперашкоднай для мяне.
Ды атрымалася наадварот. Падумаў пра магчымыя стасункі Насці і іншых хлопцаў, думка пераскочыла на тое, што мне вельмі многае яшчэ невядома з жыцця гэтай жанчыны і адначасова — наколькі неспадзявана шырока адкрылася мне жыццё ўвогуле. Трэба прызнаць: за нейкі тыдзень мая такая спакойная плынь пачала прырастаць асобнымі дарожкамі-струменямі, пра якія я калі і ведаў, дык ніколі пільна да іх не прыглядаўся. А цяпер яны адчувальна кранаюць мяне, трывожаць, прымушаюць нервова азірацца па баках і мімаволі параўноваць.
Вунь бліжэй да абрывістага берага нясецца хутка, ажно віруе, халодная і цёмная вада. Але ж і вабіць тым, што яна чысцейшая за маю, больш жывая. Гэта Федарук і ягоны гурток этнаграфічны. Так, я нешта чуў пра апазіцыю ды іншыя палітычныя партыі, нездарма ж чыталі нам лекцыі сівагаловыя колішнія бальшавікі. Адзін нават сваім партыйным білетам хваліўся, які, аказваецца, збярог і гатовы быў нам прадэманстраваць. Але ж Федарук. Нельга не прызнацца самому сабе — паверыў я ў ягоную шчырасць, адчуў, што яму насамрэч баліць. Атрымліваецца, яны ёсць сапраўды — людзі, якіх турбуе жыццё іншых, жыццё краіны цалкам і непакоіць у такой ступені, баліць так моцна, што яны ахвяруюць сваім часам (ды і ці мала яшчэ чым!), нешта імкнуцца рабіць, няхай сабе і сваімі дзівацкімі спосабамі.
Вось са мной побач вада павольная, але ўпартая, у ёй адчуваецца прыхаваныя моц і пяшчота, і я зайздрошчу яе глыбіннай сіле. То Надзея, яе жыццё з яе забароненай любоўю. Навошта ёй, гандлярцы на рынку, ды няхай і настаўніцы ў мінулым, быў патрэбны той Касцюшка, герой забытай даўніны? Хіба нельга было ёй вырачыся сваіх прынцыпаў, жыць звычайным школьным жыццём правінцыйнай настаўніцы? Навошта ёй клопаты пра светапогляд падлеткаў? Ды ўсё роўна тры чвэрці з іх засмокча прага вялікіх грошай і славутага дабрабыту, мізэрная доля загрузіць свае мазгі кар’ерай і навукай, каб зноў жа, урэшце, атрымаць той дабрабыт і грошы, а астатнія пройдуць праз кабінет следчага і працягнуць «свае ўніверсітэты» за высачэзнай турэмнай агароджай.