Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 122

Валерый Гапееў

 — І ён прыехаў?

— Не. Ён абяцаў: будзе абавязкова, але не прыехаў. Пазваніў толькі праз тыдзень, быў нейкі. халодны і грубы. Быццам я яму надакучыла і ён знайшоў мне замену. Я зразумела ўсё, паплакала трошкі, — Ганна злёгку пачырванела ад сваёй шчырасці. — Больш мы не сустракаліся, і ён мне не званіў. Я тады выдаліла яго кантакты.

 — І не помніце нумар, канешне? Хоць колькі лічбаў? Аператар?

— Так, сёння нічога не запамінаеш, — без ценю віны прызналася дзяўчына. — Дакладна помню, што той жа аператар, што і мой. А яшчэ ў нумары былі дзве чацвёркі побач. Вось, усё ад тых сустрэч.

Падышоў Аляксей, паставіў на стол дзве шклянкі, бутэльку колы, паверхня шкла якой паспела пакрыцца халодным туманам. Я падзякаваў, ён адышоў зноў.

— А бірулька? На памяць засталася? — кіўнуў я на пластмасавага дракона, наліў напой у шклянкі і з задавальненнем адпіў са сваёй ці не палову.

— Не. — Ганна марудзіла з адказам. Таксама адпіла колы, кранулася асцярожна, быццам жывога, дракончыка на стале. — Калі Насцю прывезлі мёртвую ў яе дом, мы прыходзілі. Мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, я выскачыла за хату. І там знайшла.

— Знайшла? — не зразумеў я.

— Гэтага дракончыка знайшла. У траве ля самай хаты.

17.

У кожным канцы хаваецца новы пачатак.

Салон мабільнай сувязі яшчэ быў адчыненым. Цяжарная маладзіца помніла мяне, ветліва ўсміхнулася:

— Яшчэ нешта шукаць трэба?

— Так, праца такая ў мяне — шукаць. — Я пастараўся адказаць бестурботна, здаецца, атрымалася няблага, бо жанчына ўсміхнулася мне зноў, ужо спачувальна.

— Буду рада дапамагчы!

— Вельмі ўдзячны вам. Калі ласка, усё па гэтым тэлефоне ў перыяд з вясны мінулага года па восень. — Я дастаў мабільнік і прадыктаваў нумар Ганны Латышонак. — Мне можна пачакаць?

— Пачакайце, канешне, — жанчына засяродзілася на экране ноўтбука. — У мяне рабочы дзень скончыўся, але я вам дапамагу. Хвілін дзесяць, добра?

— Канешне! Якраз пакуру, — я выйшаў з салона, заспяшаўся да блізкага адсюль універсама. Неабходнасць аддзячыць жанчыну цукеркамі была відавочнай: і дзень працоўны скончыўся, дык і паперу з пячаткай не стала патрабаваць…

Чаму яна так засаромелася, калі я працягнуў ёй цукеркі, зразумеў не адразу. На хаду зазіраючы ў паперы, шукаючы там нумары з дзвюма лічбамі «4», раптам успомніў, як яна выразна пасунула па стале да мяне гэтыя аркушы — правай рукой. І пальцы яе былі без пярсцёнкаў. Жанчыны, жанчыны.

Вяртаўся на кватэру знаёмай мне ўжо да кожнай калдобіны на асфальце вуліцай, і гэтая дарога зноў выклікала ў мяне згадкі пра плынь. Сам не ведаю чаму, але бірулька-дракон заставалася ў маёй руцэ, я не стаў класці яе ў кішэню. Дзіўная пластмаса — не мокне ад утрымання ў далоні, хоць і тлуставатая. Быццам і цвёрдая, але пазногаць пакідае след, як добра націснуць. Значыць, рэжацца нажом. Кшталту замерзлага кавалка сала. Нічога падобнага я нідзе не бачыў, значыць, нешта рэдкае, спецыфічнае.