Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 115

Валерый Гапееў

16.

Жанчынам марна нешта даводзіць, нават калі ты следчы.

Тамара не стала слухаць мой аповед пра сустрэчу ў Ляўдку з Федаруком, не дала і слова сказаць:

— Потым. Падлужнага прывёз? Давай да мяне з ім.

Міхась Падлужны пачуваў сябе ў кабінеце пракурора вельмі няўтульна.

Зрэшты, гэта можна было патлумачыць. Вясковец, які прызвычаіўся да прасторы і сваіх простых і надзейных рэчаў, раптам апынуўся ў месцы, дзе адусюль дыхала строгай канцылярыяй: герб і сцяг, партрэт прэзідэнта, чорнае крэсла пракурора і сама Тамара Сяргееўна ў ім у сіняй форме — фрэнчы з пагонамі, безліч папер на стале, асобным стосікам — кодэксы. Яму, вялікаму і грузнаму, было цесна на стуле, ён не ведаў, куды падзець свае рукі, трымаў адна ў другой далоні і моцна паціраў. Мне падалося: яшчэ хвіліна — і мы пачуем рып скуры.

— Падлужны Міхась Сямёнавіч, вы дапытваецеся ў сувязі са смерцю Грыцук Настассі Дзмітрыеўны, — Тамара сама вяла допыт, яна пачала суха, без усякіх эмоцый і адценняў у голасе.

— А я што? Я не вінаваты ні ў чым.

— Якія ў вас былі адносіны з забітай?

— Ніякіх, хто яна мне? Жылі побач, ды ўсё.

— Нам вядома, што вы неаднаразова выказвалі пагрозы на адрас Насці Грыцук. Патлумачце, што было прычынай пагроз.

— Дык ці мала чаго скажаш? Так, са злосці…

 — І што вы казалі? Казалі, што заколеце? За што?

— А што ж. — Падлужны нечакана замаўчаў, апусціў галаву долу і выдыхнуў шумна: — Ы-ых! А каб некаму іншаму яна тое зрабіла? Ён бы не пагражаў?

— Што зрабіла? Расказвайце! — Тамара загадала нечакана мякка, і я паморшчыўся. Чаму яна яго шкадуе?

— Кароў мне псавала.

— Якім чынам?

— Дык ведзьма ж! Ведзьма! — адчай і палёгка зліліся ў адным крыку. Падлужны насцярожана паглядзеў на Тамару: як яна зрэагуе на гэты вокліч?

— Добра, няхай яна была ведзьмай і псавала вам кароў. З якой прычыны яна магла шкодзіць вам?

Падлужны маўчаў больш за хвіліну, глядзеў сабе пад ногі, пасля павярнуў галаву да вакна.

— Я не вінаваты, от. Гэта і скажу. Больш. Больш нічога. Не вінаваты. А раней было — тое сплыло.

Пад правым вокам у яго пачала трапятаць скура, ён зараз сядзеў увесь чырвоны і напружаны, сціснуты, быццам спружына, хоць ногі торгаліся, а рукі ён цяпер не проста цёр — моцна сціскаў пальцы па чарзе.

— Падлужны, калі вы не вінаваты ні ў чым, чаму ж так нервуецеся? — насмешліва спытаў я. — Калі вы не помніце, што за нагода была ў ведзьмы псаваць вашых кароў, ці не хочаце казаць, дык мы вам можам дапамагчы. Нагадаць вам пра далёкія гады, пра дзяўчыну Ганначку, якая прыязджала да вашай сястры і лячылася ў Зміцера. Помніце?

Нечакана для мяне Падлужны супакоіўся, унурыўся і замёр, быццам яго выключылі, з цела выйшла ўся сіла. Зірнуў мне ў вочы. Дзіўны быў у яго позірк, я не паспеў разгледзець, што было ў ім: нянавісць да мяне ці адчай, як ён зноў утаропіўся ў падлогу.

Тамара маўчала, і я зразумеў, што магу працягваць: эфект жа ад маіх слоў быў відавочным.

— Тады пачнём з Ганначкі, з тых часоў, — жорстка прадоўжыў я. — Жанчына сімпатызавала вам, але вы тады яе ігнаравалі. І ад безвыходнасці, ад адзіноты — яна ж была сіратой, у яе з блізкай радні нікога не засталося ў краіне — дзяўчына згадзілася выйсці замуж за чалавека, удвая за яе старэйшага, але спагадлівага — за свайго лекара, вясковага ведзьмака Зміцера. Прайшло колькі гадоў, яна нарадзіла, стала прывабнай жанчынай. І вы раптам вырашылі, што яна вам падабаецца. Вы пачалі яе пераследаваць, шукаць з ёй сустрэч сам-насам, прапаноўвалі кінуць старога Зміцера і выйсці за вас. У вас было што-небудзь з Ганначкай, Міхась Сямёнавіч?