Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 114

Валерый Гапееў

— Да дома пад’язджаў аўтамабіль? — нервова спытаў я яго.

— Быў, — спакойна адказаў Віктар. — Сіні «мерс», стары. З дому выйшла жанчына з вялікай кашолкай, села ў яго і паехала. Хвілін пяць таму.

Я вярнуўся да альтанкі. Федарук нікуды не сыходзіў, заставаўся сядзець на месцы. Ссівелы, невялікага росту, самотны ў старым садзе, ён выклікаў у мяне цяпер адначасовае пачуццё жалю і гідлівасці. Інтэлігент, вучоны чалавек, а так сябе паводзіць.

— Вам не сорамна? — спытаў я прама.

— Не, — адказаў ён, узняўшы на мяне позірк. — Я ні ў чым вас не падмануў, быў шчырым.

Я прысеў і закурыў.

— Зрабіць яшчэ кавы? — прапанаваў Федарук.

— Не, дзякуй, — адмовіўся я. — А цяжарнасць вашай жонкі была зусім не выпадковай, так?

— Так.

— Дарослыя людзі. Сур’ёзныя. Навукоўцы. Будзеце хлусіць далей? Хавацца?

— Людзі, якія кахаюць адзін аднаго, зробяць усё, каб другі не лгаў.

Я памаўчаў. Разумеў словы Федарука: каб абараніць мужа, яго жонка можа з’ехаць у такое месца, пра якое ён сам ведаць не будзе. А далей?

Паўтарыў гэтыя думкі ў голас.

— Агульная бяда нашага народа, — са скрухай адгукнуўся Федарук, — не рабіць справу, а вышукваць складанасці, якія будуць потым. Не рабіць крок, а разважаць: ці будзе цвёрда пад нагамі. Ды што ўжо будзе, паважаны Васіль. Галоўнае — ёсць мэта. То і ісці да яе трэба. Кожны дзень, пакрысе. Пераадольваць цяжкасці тут і зараз, а не ламаць галаву над тым, чаго, магчыма, не будзе і праз месяц. У нас кожны — стратэг і тактык, таму не ідзём самі, а нас вядуць.

— Вам давядзецца вярнуць дзіця.

— Каму? — хутка спытаў Федарук.

— Дзяржаве. Там разбяруцца, — няўхільна адказаў я.

— Цмок не належыць дзяржаве. Дзяржава будзе належыць Цмоку, — Федарук прамовіў гэта з такой пранікнёнай пераканаўчасцю, як словы клятвы, і я ў той момант зразумеў: гэта галоўная справа яго жыцця.

 — І што мне зараз рабіць з вамі? — з горкай усмешкай спытаў я. — Калі б вы сталі на маё месца?

— Кожны павінен быць на сваім месцы, — ухіліўся ад адказу Федарук.

— Адзінае я вам скажу яшчэ: мы з вамі гаварылі як. мужчыны, амаль па-сяброўску. У афіцыйных абставінах, мушу папярэдзіць, казаць магу іншае. Гледзячы што будзеце пытацца ў сваім кабінеце.

— Зразумела. Вы нікуды не збіраецеся знікаць сёння-заўтра?

— Не, абяцаю.

— Дзякуй. І апошняе тады: вы дакладна нічога не можаце патлумачыць адносна смерці Насці Грыцук?

— На жаль, не, — Федарук узняў на мяне вочы, нібыта для таго, каб я змог пераканацца ў шчырасці яго слоў. — Для мяне яе смерць сталася смерцю амаль дачкі.

— Няўжо для некага яна стала ворагам?

Федарук сеў прама, узняў галаву ўверх і сачыў за лістотай яблынь. Я чакаў. Нарэшце, не апускаючы галавы, ён прагаварыў:

— Пра цяжарнасць Насці ведалі толькі мы. Магчыма, нехта прагаварыўся. І даведаліся тыя, хто не хацеў нараджэння Цмока.

— Хто — тыя? Дык яна ж ужо нарадзіла! Які сэнс?

— Якое дзіця нарадзіла Насця, ведалі толькі чацвёра: яна сама, акушэрка, я і Волечка. Для астатніх яно памерла. Магчыма, Насцю, забілі, каб не паўтарылася спроба. Тыя забілі, хто, як і мы, ведаюць, што ў аснове міфа пра Цмока ляжыць ісціна.