Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 113

Валерый Гапееў

— Так, здаецца, так. Калі ў вас няма пытанняў.

— У мяне ёсць пытанні, але, баюся, яны куды больш дробныя, чым ваша жаданне выратаваць нацыю, — я не стаў хаваць свайго скепсісу да ўсяго пачутага. — Вы вырашайце свае задачы, а я буду свае. І калі вы — у межах закону, дык вам няма чаго баяцца адказваць шчыра.

— Я насамрэч зрабіў усё, што мог, — са скрухай адказаў Федарук. — Мне вельмі шкада. Хоць я і прадбачыў такі вынік нашай размовы. Я гатовы адказваць шчыра.

— Добра. Вы для ажыццяўлення сваёй ідэі нараджэння будучага нацыянальнага лідара ўгаварылі Насцю Грыцук зацяжарыць і нарадзіць дзіця?

— Так. Насця згадзілася.

— Вы абяцалі ёй грошы?

— Не, яна, у адрозненне ад вас, паверыла ў сваю місію.

— Бацькам дзіцяці быў Андрэй Дылько?

— Так.

— Дзе дзіця Насці Грыцук?

— Вам тлумачыла акушэрка: яно памерла.

Я ўспыхнуў:

— Мы ж дамаўляліся! Вы ведаеце, па крыві памерлае немаўля не магло быць народжана Насцяй Грыцук! Зноў гульня?

— Не гульня, — ціха, але ўпарта прагаварыў Федарук. — Па дакументах, якія былі складзены акушэркай Антанінай Русецкай, дзіця нарадзілася. нежыццяздольным.

— Вось як? Баюся, вам давядзецца адказваць за ілжывасць сваіх слоў, калі будзеце ўпарціцца, — прыгразіў я. — У вас у хаце дзіця? Чыё яно?

— Наша. Маё і Волечкіна.

— Ваша? — я гатовы быў закрычаць на яго. — Вы… Вы нарадзілі дзіця ў такім узросце?

— Так, — без эмоцый, гледзячы за маю спіну, адказаў Федарук. — Волечка зацяжарыла. І нарадзіла вось тут, але афіцыйна была на ўліку, вы можаце праверыць.

 — І не зрабіла аборт? Вы ж ведаеце, што нараджаць у такім узросце смяротна небяспечна для жанчыны, дый зношанасць арганізмаў мужа і жонкі, дзейнасць шкодных звычак за столькі гадоў жыцця, паломка генаў. Верагоднасць нараджэння здаровага дзіцяці менш за дзесяць працэнтаў, — заспяшаўся я, выказваючы сваё шчырае здзіўленне, і раптам змоўк — усё стала на месца. — Гэта ваша жонка нарадзіла гідрацэфала. А вы забралі сабе дзіця Насці.

Федарук маўчаў.

— Хадзем, — узняўся я.

— Куды? — з жывой цікавасцю зірнуў на мяне знізу Федарук.

— Да вашай жонкі.

— Яе няма. Яна хвілін колькі назад з сынам паехала адпачываць да нашых сяброў. Там лепшыя за нашы ўмовы, вада ў хаце гарачая.

— Як. паехала?

— На аўтамабілі. Сябра прыехаў і забраў, пакуль мы з вамі гаварылі.

Федарук зірнуў мне ў вочы. Не, там не было пераможнай радасці, толькі сум.

Я хутка выйшаў на вуліцу. Віктар паставіў машыну воддаль, у цянёк разлапістай ліпы. Ён драмаў, як звычайна.