Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 117

Валерый Гапееў

Начаваў у хляве. Тройчы ўпільноўваў, дык ці ты яе зловіш, ці чым патрапіш? Апошнія месяцы спакойна стала, я і падумаў: усё, перастала Насця мне помсціць. А тут бліжэй да поўначы неяк пайшаў да ветру, чую, як нервуецца карова. Заскочыў у хлеў. А яна так загулялася, што й мяне не пачула. І не збегла ў час. Вілы стаялі, як заўсёды, у куце, схапіў. Яна, ласачка, у той момант на сцяну кінулася, каб пад страху выскачыць, я і шпурнуў. І патрапіў таго разу. наскрозь зуб прайшоў. Спужаўся адразу. Яна. жывая яшчэ была. Панёс да Зміцера. Не хацеў я, каб яна памерла! Са злосці, з гарачкі шпурнуў вілы. Які ж гаспадар не шпурне? Да агарода Сцёпчыхі данёс, варушыцца пачала ў руцэ. Крыві амаль не было. Апусціў на мяжы ў траву, папаўзла. Я і пайшоў. пабег назад. Так было… — выдыхнуў стомлена Падлужны і замоўк.

Тамара таўкла недакуркам у попельніцы, маўчала. З хвіліну ў кабінеце было ціха, быццам тут нікога ўвогуле не было, нават нічыйго дыхання не было чуваць.

 — Ідзі пасядзі ў прыёмнай, — загадала Падлужнаму Тамара. — Чакай там, нікуды не сыходзь.

Падлужны моўчкі выйшаў.

— Што ў цябе? — узняла на мяне вочы Тамара.

Я разгубіўся.

— Вы пра Федарука?

— А дзе ты яшчэ быў? — хмыкнула Тамара. — Коратка давай, я пасля паперы гляну.

— Я не апытваў яго. Размова была. Ён даў зразумець, што адмовіцца ад сваіх слоў. Амаль ад усяго.

 — І многа ён нагаварыў?

— Калі коратка: група апантаных ідэяй займець для краіны нацыянальнага лідара ўзяла на ўзбраенне нейкі стары міф пра Цмока. Насця Грыцук як лесбіянка павінна была нарадзіць дзіця. Мінулай восенню наладзілі абрад, на якім урачыста ажанілі Яшчура — таго самага Андрэя Дылько — з Насцяй. Яна зацяжарыла. Адначасова зацяжарвае, прычым спецыяльна, як мне прызнаўся Федарук, яго жонка. Яна, як і Насця, нарадзіла там, у Ляўдку, роды прыняла акушэрка, член іхняй групы. Дзіця Федарукоў з’явілася на свет з гідрацэфаліяй і памерла. Вам жа перадаў эксперт паперы: група крыві дзіцяці сведчыць пра тое, што яго не магла нарадзіць Грыцук. Сапраўднае дзіця Насці забралі сабе Федарукі. Яны вырашылі выхоўваць яго ўпотай ад усіх, таму жонка Федарука, пакуль я з разяўленым ротам слухаў яго байкі, уцякла ў невядомым кірунку разам з дзіцем. Вось такія. казачкі.

— Зразумела. Слухай, мне на пенсію дакладна пара, — нечакана ўздыхнула шчыра Тамара і дадала з жалем: — Першы раз за столькі гадоў забыла кашалёк. Выручы па-сяброўску — схадзі купі шакаладку якую прыкусіць, ну, і бутэльку. Без ста грам нам не разабрацца.

Я, збіты з панталыку, выйшаў у прыёмную. Зіначка не глядзела ў мой бок, зацята ціснула на кнопкі клавіятуры. Мне стала сорамна. Падлужны сагнуўся у куце на стуле, безуважны да ўсяго.

— Налівай сам, — загадала-папрасіла Тамара, калі я вярнуўся з бутэлькай, шакаладкай і прычыніў дзверы.

Мы выпілі моўчкі, Тамара не стала браць кавалак шакаладкі, якую я паламаў, адразу закурыла.