Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 116

Валерый Гапееў

Фермер маўчаў.

— Падлужны, гэта не гульня ва ўспаміны! — прыгразіў я, зірнуў на Тамару і на нейкі момант разгубіўся: яна безуважна глядзела за вакно, на лісце старой таполі, што трымцела ля шкла. — Падлужны, чуеце? — мусіў працягнуць я. Ну, не спыняцца ж мне з-за незразумелых капрызаў Тамары!

— Не было, — скрозь зубы літаральна працадзіў Падлужны.

— Не было нічога, акрамя таго выпадку ля рэчкі?

Падлужны не выпростваўся — ён неяк незвычайна быццам вырастаў са стула, раздаваўся ў плячах, выцягваў шыю. Нават праз адзенне адчувалася, як напяліся ўсе ягоныя мышцы. Кроў адхлынула ад яго твару.

— Хто?! Адкуль? — ён крыкнуў, як звер, які трапіў у пастку, але мяне ў гэты момант здзівіла незвычайная рэакцыя Тамары: яна рэзка адкінулася на спінку крэсла, паморшчылася, як прафесійны тэатральны глядач ад самадзейнай гульні на вялікай сцэне.

— Цішэй, цішэй, Падлужны. Бач, пачуцці ў яго загаварылі! — Тамара ўзвысіла голас. — А дзе раней яны былі? Шаленства розум засціла? Жанчыну на той свет адправіў!

— Я? — Падлужны вылупіў вочы.

— Ты! — грэбліва адказала Тамара, вытрасла цыгарэту з пачка, прыпаліла, зацягваючы паўзу. — Ты адправіў. Нам вядома. Яна вешацца стала, яе Зміцер з пятлі выхапіў, ды ўпала так, што. Вось так было.

— То ж Зміцер! Зміцер, усе казалі, пабіў быў. Вядзьмак ён. І я спужаўся тады.

Падлужны апаў, бы спушчаны шар. Ён выклікаў гідлівасць. Здаравенны мужык мармытаў апраўданні, да ўсяго — гучна зашморгаў носам.

— Сволачы вы, а не мужыкі! — вынесла прысуд Тамара. — Ты маці на вачах дачкі, лічы, згвалтаваў.

— Няпраўда! — закрычаў Падлужны роспачна і бездапаможна. — Няпраўда, — ціха паўтарыў. — У нас… яна… Ганулька не вырывалася. Так, я настойваў, схапіў. Не сілай. Не змог бы.

— А я і не кажу пра згвалтаванне, — Тамара казала словы, як забівала цвікі. — А лепш было б, каб сапраўды згвалтаваў. Каб жанчына мужу хоць адкрылася, каб дзіця даравала маці, каб з табой па-свойму, па-вядзьмарску Зміцер разлічыўся!

— Са мной разлічыліся. Насця.

 — І ты яе забіў?

— Калі б яна была чалавекам, не забіў бы, — стомлена, як з апошніх сіл, ціха прагаварыў Падлужны.

— А кім яна, па-твойму, была? — здзекліва перапытала Тамара. — Ведзьма не чалавек?

— Ласкай.

— Кім? — не вытрымаў, умяшаўся я.

— Ласачкай, — паўтарыў гэтак жа ціха Падлужны, стаў гаварыць, як кажуць пра сваю хваробу хранічна хворыя — без надзеі, але і без шкадавання: — Ласка ў хлеў забяжыць, па карове пачне бегаць. Той козытна, бегае ў агароджы, аж упадзе на ногі. Малако перагарае ўраз, мастыт потым. Уранні зойдзеш — у яе вочы чырвоныя, сама мокрая ажно, ледзь не кідаецца на цябе. Зміцер мог бы вылечыць, але ж не пойдзеш да яго. То адна дарога такой — на мясакамбінат. За апошнія гады чатырнаццаць кароў здаў. Купляў самых малочных у людзей спачатку, у тым годзе пародзістых набыў за валюту.