Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 112

Валерый Гапееў

Федарук замаўчаў, павярнуўся да мяне:

— Вы зразумелі?

— Што я павінен зразумець? — здзіўлена запытаў я. Па праўдзе кажучы, мне ўжо пачала надакучваць наша размова.

— Гэты верш. Яго напісала жанчына, маладая. І ў ім — тое падсвядомае імкненне ўсяго грамадства, гэткае калектыўнае падсвядомае: будучага кіраўніка трэба нарадзіць і вырасціць. Нам, мы ў адказе за яго нараджэнне і выхаванне. І жанчына выказала падсвядомае ў канкрэтных словах. Значыць, не толькі мы тут задумаліся над гэтым. Бяда ў тым, што мы баімся рабіць нават такі, не гвалтоўны, не рэвалюцыйны крок.

Я не мог не спытаць і спытаў, хоць пытанне было сугучнае з тым маім ранейшым пра тое, ці дрэнна яму жывецца:

— Прабачце, вы можаце пакрыўдзіцца, але шчыра не разумею, таму пытаюся: чаму вы? Незадаволеных — тысячы і больш. І ўсе чакаюць, спадзяюцца на нешта… ну, на нейкія дэмакратычныя, эвалюцыйныя працэсы. А вам навошта? Тут жа і рызыка пэўная.

— І рызыка, — лёгка, са скрухай згадзіўся Алесь Федарук, памаўчаў колькі, паціраючы сваю бараду, прадоўжыў: — Вось у вас, Васіль, ёсць такое разумение: няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці, так?

— Так, канешне, гэта — адно з асноваў усіх заканадаўстваў свету.

 — І лухта ўсіх заканадаўстваў, бо такая норма супярэчыць агульначалавечаму! — выгукнуў пераканаўча Федарук. — Яшчэ дзве тысячы гадоў таму Хрыстос данёс галоўныя для ўсіх законнікаў словы: «Прабачце ім, бо яны не ведаюць, што робяць». Разумееце, Васіль? Адказнасць ляжыць не на тым, хто робіць, але не разумее, што робіць, але на тым, хто разумее, ведае, усведамляе, але не робіць! Вось галоўны стрыжань жыцця чалавека, які думае. Ты больш ведаеш і глыбей разумеет — на табе большая адказнасць. Звярніце ўвагу: Хрыстос не казаў пра магчымасці, але толькі пра веданне. Значыць, няма апраўданняў таму, хто сваё бяздзеянне хавае за сцяной штучных межаў для дзеяння. — Федарук нечакана панурыўся, абхапіў рукамі галаву. — Нам Васіль, не вам, а нам — інтэлігенцыі, творчай найперш, за ўсё і адказваць. Прыйдзе час. Ці можа на тым нейкім свеце, няважна, як яно там выглядаць будзе, можа, Пятро спытае, можа — на чашу паставяць, на патэльню, у бочку апусцяць, але ж… Не спытаюць рабочага ад станка і селяніна з касой: чаму яны між «Пагоняй» і больш-менш стабільным жабрацкім існаваннем выбралі апошняе. З нас спытаюць — з тых, хто ведаў, да чаго вядзе такі выбар. І з мяне самы галоўны суддзя спытае — мой нашчадак: чаму я, такі разумны, які ведаў усю значнасць нацыянальнага, не патлумачыў, не давёў тым рабочым і сялянам, што выбіраць трэба найперш сваё існае, а каўбаса танная — тое другаснае. Вось чаму, Васіль.

— Зразумела, — з сухой жорсткасцю выціснуў я, даючы Алесю Федаруку зразумець: наша інтэлігентная размова на тэму лідараў і лёсаў нацый завершана. Неспадзявана мяне кранулі яго словы. Я ўрэшце дакладна пабачыў тую прорву, якая ляжала між мной і Алесем Федаруком. Не спадчынная інтэлігентнасць, не веды і адукацыя, не шляхецтва ў паводзінах, а менавіта здольнасць адчуваць у сабе адказнасць за іншых, за краіну. Гэта было незвычайна, але ў нейкі момант і мне захацелася прычыніцца да такой звышзадачы: лёс нацыі. І тут хавалася ўся дылема: адказнасць адначасова і ўзвышала ў асабістых вачах, але ж і абавязвала, рабіла залежным ад нечага, цалкам пакуль незразумелага. Я пачуваў сябе вельмі некамфортна, таму зазалаваў. — Я выслухаў вас. Вы сказалі ўсё?