Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 111

Валерый Гапееў

 — І вы адзін вырашылі ратаваць нацыю.

— Не адзін, — нечакана горача загаварыў Федарук. — Вы думаеце, ідэя нацыянальнага лідара не жыве ў галовах і сэрцах людзей? Памыляецеся! Зірніце наўкола, на нашы палітычныя кампаніі — менавіта ад асэнсавання немагчымасці выбраць сапраўднага кіраўніка са свайго атачэння ў нас знікла вера ў змены! Мы ведаем, якія мы, — і разумеем: нікому з нас не стаць тым лідарам, які павядзе народ, якому павераць. Бо мы выраслі, скажам так, на аднолькавых дражджах. Мы слабыя, бо мы не верым самім сабе. Мы ніколі не рабілі нечага дзеля аддаленай будучыні, дзеля сваіх нашчадкаў, хіба што грошы адкладвалі на рахункі. У нас ніколі не было вялікай агульнай справы, такой, якая б захапіла хоць частку нацыі, хоць тую праслойку інтэлігенцыі. Справы, дзеля б якой ахвяравалі, у якую верылі так, каб ведаючы, што не пабачаць пладоў сваіх высілкаў, ды высільваліся дарэшты. І таму мы павінны ўспомніць вопыт нашых продкаў. Не смейцеся, калі ласка. Я не магу сёння патлумачыць, чаму менавіта так трэба рабіць, але перакананы: толькі так і трэба. Бо ў міфах — навука і вопыт… Вы пісалі калі-небудзь вершы? — нечакана спытаў ён. — Любіце паэзію?

— Не, не пісаў, — прызнаўся я. — А паэзію люблю. Некалі вельмі ўразіў верш Куляшова… пра каханне. Запомніў.

— Я да чаго. Паэты — амаль усе прарокі. А грамадзянская паэзія — выразнік не сфарміраванага канчаткова, не выказанага яшчэ словамі грамадскага памкнення, канцэнтрацыя думак. Я вам тое з усёй адказнасцю кажу. Дык вось, мне не так даўно трапіўся дзіўны верш. Паслухайце, калі ласка.

Ён нахіліўся блізка да экрана ноўтбука, мабыць, з-за блізарукасці, пачаў чытаць, сцішаным голасам, хоць кожны радок прамаўляў выразна, з прыхаванай экспрэсіяй:

Ты кажаш, голкай цэнзуры зашыты твой рот, і ванітоўней, чым сёньня, ужо ня будзе. А па мне, ўсё ў тваіх руках, пакладзеных на жывот: нарадзі прэзыдэнта, якога хочаш, — сабе і людзям. Ты кажаш, Народ і Мова заняпалі дашчэнту Дык за чым затрымка? Нарадзі прэзыдэнта. Скажы сабе: «Як спадарыні Лінкальн і Кенэдзі», — і нарадзі. І ён вырасьце й зможа ўсё зло на сьвеце змагчы: Папа Рымскі будзе сядзець ля яго зьлева, Голуб Міру будзе сядзець у яго на плячы, а ля ног яго — Брытанская каралева, — бо вы малайцом, мамаша, усё зрабілі, як трэба, і цяпер усё будзе іменем Айца і Сына, І арол дэмакратыі будзе лунаць над тваёй краінай, хоць, магчыма, там будзе банальнае мірнае неба. І ты — прычына таго, што здохла нешта вялікае ў лесе — прымаючы ў пасьляродавым журналістаў маленькімі групкамі, адмовішся ад вілы ў Ніцы й на радасьць кансэрватыўнай прэсе аддасі перавагу хутару недзе пад Крупкамі. Ты пасадзіш ля хаты півоні, флоксы і мак. Ён штурхаецца ножкай — гэта харошы знак. Адчуваеш — ва ўлоньні віруе плацэнта? Нарадзі прэзідэнта.