Читать «Ноч Цмока» онлайн - страница 110

Валерый Гапееў

— Прабачце, Васіль, нават я са сваёй навуковай дзейнасцю, якая тычыцца мінулага, не магу быць па-за палітыкай. А вы — вы маеце самую непасрэдную справу з яе вынікамі. Бо палітыка — штодзённае наша жыццё, а не толькі маніфестацыі і плошчы. Я не паверу, быццам вы не бачыце, з якой хуткасцю дэградуе грамадства па ўсіх кірунках, не заўважаеце росту бесчалавечных, невытлумачальных з’яў, якія сустракаюцца непасрэдна ў вашай прафесійнай дзейнасці. Вас не бянтэжаць дзікунства ўчынкаў, паўсюдная бездухоўнасць? Ці вы думаеце, што вас тое не тычыцца? Сёння — так, пакуль вы і ваша жыццё належаць толькі вам аднаму. А прыйдзе ж час — у вас будзе сям’я, дзеці. Так, тады вы паглядзіце на прычыны і наступствы інакш. Прабачце за чытанне вам маралі. Не будзем больш пра гэта, бо я дакладна зразумеў: нельга нікога давесці да асэнсавання рэчаіснасці словамі. Толькі сам чалавек даходзіць, праз свой вопыт.

Мне трэба было пытацца далей пра тое дзіця-гідрацэфала. А я не мог прагнаць ад сябе крыўднае пачуццё сваёй непаўнавартаснасці — менавіта яго я адчуў пасля слоў Федарука пра палітыку. Ён меў рацыю, як бы я ні пераконваў сябе ў іншым: я як следчы пракуратуры, меў самае непасрэднае дачыненне да палітыкі, бо менавіта яна давала мне работу. Мімаволі ўсплылі ў памяці «недакуркі» і сярод іх бамжыха, якая згарэла ў закінутай хаціне, тая жанчына, якая зарэзала свайго былога мужа пасля гвалту з сябе, старшакласнік, які здзейсніў суіцыд, бо не мог больш трываць п’яныя скандалы дома. І падобнага не становіцца меней. Кожны студэнт юрфака ведае: у Ісландыі ў асобныя гады няма ніводнага злачынцы ў адзінай на краіну турме — няма работы следчым! А мяне наша палітыка корміць, поіць і апранае. Я здолеў праглынуць прыкрасць — няхай сабе думае як хоча, у мяне свая праўда. Ды ўсё ж перайсці непасрэдна да справы, не задаўшы пытання, якое вярэдзіла душу, не змог.

— Паслухайце. Не будзем, сапраўды, абмяркоўваць стан рэчаў. Пра іншае хачу спытаць. Як вы, разумныя людзі, паверылі ў такі вось казачны спосаб нараджэння і выхавання нацыянальнага лідара? Гэта ж. далібог, для дзяцей!

Федарук моўчкі глядзеў на мяне, быццам вывучаў асаблівасці твару, потым пацягнуў да сябе ноўтбук і, пстрыкаючы мышкай, загаварыў:

— Паважаны Васіль, вось вы — следчы пракуратуры. Вы за сваё жыццё адказвалі за дзясяткі лёсаў людзей. Каб стаць следчым, вы вучыліся, атрымалі адпаведнае выхаванне. Але не кожны можа стаць следчым, нават калі і вучыцца надта добра, праўда? А вось прэзідэнт краіны. Ён у адказе за лёс нацыі, народа. Амаль дзясятак мільёнаў жыццяў. Адчуваеце розніцу, так? А цяпер скажыце: добра было б, калі б на пасаду следчага выбіралі галасаваннем?

— Ну вы параўналі, — хмыкнуў я.

— А вы не спяшайцеся. Зазірніце ў гісторыю ўсіх часоў і народаў: хіба фараон мог нарадзіцца і вырасці ў простай сям’і? А рымскі імператар дзе выхоўваўся і кім нараджаўся? Каралі і цары?

— Выбачайце, шаноўны, але вы, здаецца, не бераце ў разлік звычайнае сённяшняе дэмакратычнае грамадства, — з сарказмам заўважыў я.

— Канешне, не бяру, — згадзіўся Федарук. — Бо ў сапраўды дэмакратычных краін — стогадовая эвалюцыя грамадскай супольнасці, якой наш народ у новым часе не ведаў зусім.